адвыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адвыкнуць.
адвы́клы, ‑ая, ‑ае.
Які адвык ад чаго‑н.; нязвычны. [Банжын] даўно не іграў, і рукі, адвыклыя ад клавішаў, спачатку слухаліся дрэнна. Шыцік.
адвы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. ад каго-чаго і з інф. Страціць якую‑н. звычку; адвучыцца ад чаго‑н. У хаце.. яшчэ стаяў тытунёвы дым, ад якога .. [Акіліна] даўно адвыкла. Вітка. Непрыемна было і тое, што прыйдзецца прасіць ласкі, а.. [Максім Сцяпанавіч] даўно ўжо адвык што-небудзь прасіць. Карпаў. Леапольд Гушка за гэты час адвык думаць пра гэтага чалавека [колішняга пана]. Чорны.
2. ад каго-чаго. Стаць далёкім, чужым каму‑н., забыць каго‑, што‑н. Пятро Пятровіч адвык за дваццаць год на ўсходзе ад палос, і ад парадку такога, як тут [у Забалоцці]. Брыль.
адвява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Адхіляць, адносіць убок павевам ветру, веяннем.
адвядзе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адводзіць — адвесці.
адвя́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адвязаць.
адвяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.
1. Развязаўшыся, аддзяліцца (аб вяроўцы, канаце і пад.). // Вызваліцца ад прывязі, стаць непрывязаным. Конь адвязаўся. □ Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў, без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.
2. перан. Разм. Пазбавіцца ад каго‑н. дакучлівага, назойлівага або непрыемнага, нежаданага. Рыгору хацелася скарэй адвязацца ад гаспадыні. Гартны. Небяспечны чалавек, — падумаў пан. — ..Ніяк цяпер не адвяжашся ад гэтага д’ябла ў чорнай сутане. Бядуля.
3. перан. Разм. Перастаць дакучаць каму‑н. Адвяжыся, аса-назола! — жартаўліва замахваўся на бабку дзед. Даніленка. [Лаяна:] — Скажу вам яшчэ болей, каб вы ўрэшце адвязаліся ад мяне і не ліплі, як назойлівыя мухі. Лынькоў.
адвяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.
Развязаўшы вузел, аддзяліць. Адвязаць вяроўку. // Вызваліць ад прывязі, зрабіць непрывязаным. [Ваўчок] адвязаў ад слупка каня і ўзяў у рукі лейцы. Хадкевіч.
адвя́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адвязваць — адвязаць.
адвя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адвязацца.
2. Зал. да адвязваць.