Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ламіна́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ламінарыі; слаісты, плоскі.

ламіна́рыя, ‑і, ж.

Род буйных марскіх водарасцей, асобныя віды якіх (марская капуста) ужываюцца ў ежу.

[Ад лац. lamina — пласцінка, палоска.]

ламо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, ж.

Тупыя працяглыя болі ў касцях, суставах, мышцах. Адчувалася ламота касцей ва ўсім целе. Дудо. Лейтэнант Шамяток, які ўвесь час мучыўся ад тупой ламоты ў нагах, з надыходам марозаў адразу адчуў сябе намнога лепш. Курто.

ламо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ламоты. Ламотныя болі. □ Ламотная стома круціць лапаткі, але з непрывычкі яно аж прыемна. Быкаў.

лампа́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Невялікая пасудзіна з кнотам на паплаўку і алеем, якая запальваецца перад абразамі. Тарасіха стаіць тварам да абразоў, перад якімі гарыць лампада. Асіпенка. Бабуля запальвала ля абраза лампаду. П. Ткачоў.

лампа́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Памянш. да лампада; тое, што і лампада. Ягупла падняўся і пачаў разглядаць багата прыбраныя на куце іконы, перад якімі вісела лампадка. Галавач.

лампа́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лампады. Лампадныя агні. // Прызначаны для лампады. Лампадны алей.

лампа́с, ‑а, м.

Шырокая паласа з каляровага сукна, нашытая на форменныя штаны ўздоўж бакавога шва. Генеральскі лампас.

[Фр. lampas.]

лампіён, ‑а, м.

Спец. Ліхтар з каляровай паперы або шкла для асвятлення ці ілюмінацыі.

[Фр. lampion.]

ламу́т,

гл. ламуты.