Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хрыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Пакутаваць ад хрыпаты, гаварыць хрыпла. [Тамаш:] — Хрыпаю і баліць ва мне ўсё. Косці ломіць. У галаве кружыць. Чорны. // Утвараць хрып. Совы пад стрэхамі папазаводзіліся — хрыпаюць, як пачвары. Скрыган.

хрыпе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрыпець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Галава Панці лягла ніжэй, кадык вытырк, а хрыпенне пацішэла. Кулакоўскі.

хрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць горлам хрыплыя гукі. Алеська ўспомніў, як цяжка хрыпіць дзед, як страшна, калі ён трызніць. Хомчанка. // безас. Пра хрыпы ў грудзях, горле. У класе запанавала напружаная цішыня — стала чуваць, як у прастуджанага Паўла Баранца хрыпіць у грудзях. Шамякін. // Утвараць хрыплыя гукі (аб рэчах). Вось дзядзька люльку раздзімае, Цыбук хрыпіць, пішчыць, спявае. Колас.

2. Мець у голасе хрыпату, утвараць хрыпенне замест крыку, слоў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. Партызаны кашлялі, хрыпелі прастуджанымі горламі. Навуменка. // Гучаць хрыпла (пра голас). Мінут праз пяць з [рэпрадуктара] .. гучыць музыка і хрыпіць голас спартыўнага інструктара. Нядзведскі. Голас [палкоўніка] зрываўся, хрыпеў. Лынькоў.

3. Гаварыць, крычаць хрыпла, з хрыпам. — Я табе пакажу сведак, — хрыпеў Віктар і вырываўся. Гаўрылкін. — Набегаўся, нябось, — хрыпеў.. [Харытон], цяжка дыхаючы. Бажко.

хры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

Разм.

1. Хрыпата.

2. Хвароба, якая суправаджаецца хрыпамі. Захар хварэў на хрыпку. Пестрак.

хрыплава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі хрыплы, з хрыпатой. Хрыплаваты стогн. □ Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чорны. Нечы слабы, хрыплаваты голас спяваў незнаёмую песню. Самуйлёнак.

хры́пласць, ‑і, ж.

Уласцівасць хрыплага. [Косця] кашлянуў, каб прагнаць гэту хрыпласць, каб тое, што ён скажа, сказаў ясна і цвёрда. Арабей.

хрыплі́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць хрыплівага.

хрыплі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі хрыплы, з хрыпатой. Нечы хрыплівы голас заводзіў «Дубінушку». Гартны.

хры́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які перарываецца хрыпеннем; сіплы. Хрыплы смех. □ Раскатамі грымеў, скаланаючы паветра, нізкі хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзін хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі. Нечакана я пачуў недалёка ад сябе хрыплы, старэчы кашаль і павольна-ціхае мармытанне. Нікановіч.

2. Нячысты, няясны, з хрыпамі (пра гукі). Хрыплы сігнал пачуўся бліжэй. Шамякін.

3. Які ўтварае сіплыя, нячыстага тону гукі. Крумкае хрыплы крук. Барадулін.

хры́пнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хрыпець.

хры́пнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Пачынаць гаварыць хрыпла, траціць чыстату голасу. Паліна заглянула ў блакноцік.. А палове сёмай — нарада. Як надакучылі яны!.. Амаль кожны дзень — адна за другой. Спрачаюцца, аж хрыпнуць людзі. Савіцкі. Аж хрыпнуць пад вятрамі каштаны. Нясе ў глыбіні адарваны буй... Бураўкін. // Станавіцца хрыплым (пра голас). У спевака голас пачаў хрыпнуць.