хрыпець, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць горлам хрыплыя гукі. Алеська ўспомніў, як цяжка хрыпіць дзед, як страшна, калі ён трызніць. Хомчанка. // безас. Пра хрыпы ў грудзях, горле. У класе запанавала напружаная цішыня — стала чуваць, як у прастуджанага Паўла Баранца хрыпіць у грудзях. Шамякін. // Утвараць хрыплыя гукі (аб рэчах). Вось дзядзька люльку раздзімае, Цыбук хрыпіць, пішчыць, спявае. Колас.

2. Мець у голасе хрыпату, утвараць хрыпенне замест крыку, слоў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. Партызаны кашлялі, хрыпелі прастуджанымі горламі. Навуменка. // Гучаць хрыпла (пра голас). Мінут праз пяць з [рэпрадуктара] .. гучыць музыка і хрыпіць голас спартыўнага інструктара. Нядзведскі. Голас [палкоўніка] зрываўся, хрыпеў. Лынькоў.

3. Гаварыць, крычаць хрыпла, з хрыпам. — Я табе пакажу сведак, — хрыпеў Віктар і вырываўся. Гаўрылкін. — Набегаўся, нябось, — хрыпеў.. [Харытон], цяжка дыхаючы. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)