ужы́цца, ужывуся, ужывешся, ужывецца; ужывёмся, ужывяцеся; зак.
1. Наладзіць сумеснае згоднае жыццё; зжыцца з кім‑н. — А мае развяліся, — сказала .. [Куліна] праз момант і паківала галавою. — Не ўжыліся. Чыгрынаў. Ужо месяц, як пакінула [гаспадароў] работніца — не ўжылася з Фядорай Антонаўнай. Пестрак. // перан. Спалучыцца, пачаць суіснаваць, узаемадзейнічаць. Хіба могуць ужыцца ў адным сэрцы нянавісць і каханне? Каваль.
2. Прывыкнуць да жыцця дзе‑н., у якіх‑н. умовах; звыкнуцца з чым‑н.; прыжыцца. Кірылу дзівіла толькі адно: як жа можна, каб з такім характарам і з такімі рукамі нельга было ўжыцца на адным месцы? Скрыган.
3. Глыбока асэнсаваць, пранікнуць у сутнасць чаго‑н. [Настаўнік:] — Трэба ўжыцца ў вобраз героя, бачыць яго перад сабою. Пальчэўскі. Да артыстаў маладых Не адразу ўдача прыйдзе: Цяжка ўжыцца ў ролі тых, Каго людзі ненавідзяць. Свірка.
ужы́ць 1, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак. (пераважна з адмоўем «не»).
Змагчы жыць, пражыць дзе‑н., з кім‑н.; ужыцца. Там ніхто не ўжыве. □ [Соня:] — З табою ні адна не ўжыве, ні адна не зразумее... Сачанка.
ужы́ць 2, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак., што.
1. Прымяніць што‑н. для чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Ужыць новы метал. Ужыць строгую меру. Ужыць зброю. □ [Лявон:] Тут смеласць не паможа, хітрасць ужыць трэба! Козел. Лена ведала ўсе .. прапісныя педагагічныя ісціны з тэхнікума тэарэтычна, а як іх ужыць на практыцы, цяжка было нават уявіць. Няхай. // Знайсці прымяненне чаму‑н. Ёсць дзе папрацаваць .. спецыялісту, ужыць свае веды. «Звязда».
2. Выкарыстаць, скарыстаць, прымяніць дзе‑н. Напярэдадні пасяджэння .. [Дывінец] ужыў, нарэшце, разец сваёй канструкцыі і за змену выканаў сем дзённых норм. Асіпенка. І сказаць папраўдзе,.. [Алёша] не ведаў, як абысціся з імі [грашамі], на што растраціць, як іх ужыць. Васілевіч. // Выкарыстаць на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова. Лынькоў. [Піліп Тарасавіч] гатовы цяпер ужыць любую метафару, абы выбіць з-пад ног грунт у праціўніка. Ермаловіч.