трыва́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да трывання 2.
трыва́нне 1, ‑я, н.
Здольнасць трываць (у 1 знач.), цярпліва пераносіць што‑н. да пэўнага часу; працягласць у часе. І .. [Сотнікаў] трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас свайго трывання. Быкаў.
трыва́нне 2, ‑я, н.
Граматычная катэгорыя ў некаторых мовах, якая выражае незакончанасць або закончанасць дзеяння ў часе.
•••
Закончанае трыванне — граматычная катэгорыя, якая выражае тую ці іншую абмежаванасць дзеяння ў часе, напрыклад, пачатак або канец, завершанасць дзеяння, адзін з момантаў яго праходжання і пад.
Незакончанае трыванне — граматычная катэгорыя, якая выражае працягласць, паўтаральнасць дзеяння без указання на яго мяжу.
трыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што і без дап. Цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць і пад. да пэўнага часу. Але Васіль не сеў. Ён трываў. Гэта было ўжо не ў навіну — цярпець, адольваць стому. Мележ. Мікульскі трываў з усяе сілы, каб не застагнаць, не паказаць свае слабасці перад гэтым дзяўчом. Місько. Нага замлела, але я трываў і глядзеў, як рыўкамі падымаліся, а потым паціху апускаліся грудзі чырвонаармейца. Федасеенка. // Перажываць, вытрымліваць (што‑н. пакутлівае, цяжкае). Дома былі спрэчкі, папрокі, падазрэнні, якія трэба было трываць ці ўціхамірваць. Мележ. Але самым слабым месцам у Брамцова было тое, што ён не мог трываць крытыкі. Ракітны. // Мірыцца з чым‑н. пакутлівым, цяжкім; цярпліва чакаць перамен на лепшае. Наталя не можа трываць, каб хто мог перабіваць ёй дарогу. Скрыган. Тады Надзя мусіла сама пайсці ў сельсавет, прывесці старшыню, каб паглядзеў, ці можна далей трываць у такой хаце. Гроднеў. Ён... Прыехаў мой мілы... Больш трываць не магу — І што ёсць маёй сілы Я [Аксана] насустрач бягу. Бачыла. // (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Вельмі не любіць, не пераносіць каго‑, што‑н. [Партызан:] — Трываць не магу людзей, якія ўсё жыццё сумняваюцца. Я такіх бы з атрада выгнаў. Шамякін. Сама .. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч.
2. Працягвацца пэўны час. Маразы трывалі нядоўга. □ Завязалася рукапашная.. — не на жыццё, а на смерць. Трывала яна вельмі нядоўга. Брыль. [Веньямін] даўно прызвычаіўся да агульнажыцця і можа не зважаць на шум, які трывае ў інтэрнаце ледзь не круглыя суткі. Навуменка. Гутарка .. [Петруся з Данілам] трывала некалькі хвілін. Пестрак.
3. Захоўваць прыдатнасць, выконваць сваё прызначэнне; трымацца. Страха трывала ўжо дзесяты год. □ Людзі ўзносяць масты над вялікай вадой, каб трывалі яны пад цяжкою хадой. Дубоўка.
•••
Час не трывае гл. час.
трывія́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць трывіяльнага. Трывіяльнасць думкі.
трывія́льны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены свежасці і арыгінальнасці; звычайны. Трывіяльны жарт. Трывіяльная п’еса. □ Змітракова радасць .. патанае ў трывіяльных пакутах раздвоенага кахання. Юрэвіч. // Пошлы, вульгарны. Трывіяльны флірт.
[Фр. trivial.]
трыво́га, ‑і, ДМ ‑возе, ж.
1. Неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам, апаскай і пад. Цімошка пільна і з трывогаю пазіраў па кожную новую асобу, якая паказвалася ў хаце. Колас. Перамагаючы ў самім сабе трывогу за лёс справы, Змітрок Анісімавіч намагаўся жартаваць .. пры кожнай нагодзе. Брыль. Сюды пралягуць светлыя дарогі, Якімі пройдзе маладосць дзяцей, Не знаючы ні гора, ні трывогі Сваіх бацькоў... Начны знікае цень. Танк. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч. // Перапалох, мітусня, беганіна. Скончаны сваркі, суды, трывогі, лішнія клопаты. Бядуля. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі... Якімовіч. // звычайна мн. (трыво́гі, ‑вог). Клопаты, турботы. У гэтым шчасці .. [бацькі] можа нават забыліся на свае трывогі за дачку. Кулакоўскі. О, каб магла спіхнуць з плячэй Гару трывог, няўдач, памылак, Што прыціскае і пячэ, Што не дае расправіць крылы. Каржанеўская.
2. Небяспечнае становішча, а таксама сігнал, які апавяшчае аб ім. Баявая трывога. □ Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Маё пакаленне, мае аднагодкі, пачуўшы трывогу, надзелі пілоткі і ў цеснай зямлянцы кляліся ўрачыста: «Лічыце мяне камуністам!» Грахоўскі.
•••
Паветраная трывога — сігнал аб з’яўленні праціўніка ў паветры.
Біць трывогу гл. біць.
трыво́жна,
1. Прысл. да трывожны (у 1, 3 знач.).
2. безас. у знач. вык., звычайна каму-чаму. Пра пачуццё трывогі, зведанае кім‑, чым‑н. Гарматы, прыціхшы на нейкі час, зноў грымелі грозна і страшна... На душы было неспакойна, трывожна. Колас. Трывожна мне... Але й салодка мне! Я сэнсам напаўняю кожны рух, Агонь вачэй І палахлівасць рук. Тармола.
3. безас. у знач. вык. Пра стан небяспекі, трывогі, які пануе дзе‑н. На вайне заўсёды трывожна.
трыво́жнасць, ‑і, ж.
Стан трывожнага. Усё ж трывожнасць тачыла душу [Глушака]. Хацелася штосьці рабіць, чыніць штосьці такое, каб пагроза бяды адышла, прапала зусім. Мележ.
трыво́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трывогі (у 1 знач.), поўны трывогі, неспакою, хвалявання. Трывожныя думкі. Трывожны сон. Трывожная ноч. □ Слаўце ж заўсёды Імкненні трывожныя, Што падрыхтоўваюць смелы палёт. Кірэенка. // Які выклікае трывогу, неспакой. Трывожныя чуткі. □ За хвіліну ўвесь лагер абляцела трывожная вестка: з рэчкі не вярнуліся Ціма і Валодзя, піянеры другога атрада. Пальчэўскі. У хату ўваліўся .. друг [Дзям’яна] Тодар Касцецкі — загадчык свінафермы. Ён прынёс трывожную навіну. Дуброўскі. // Які выражае трывогу. Трывожны погляд. □ Глядзім на ўсё трывожнымі вачыма, Аж шалясціць ад позірку лісцё. Камейша.
2. Схільны да трывогі, неспакойны (пра чалавека). Мікола апошні час стаў трывожным: з дня на дзень чакаў перагляду сваёй справы. Машара. [Феня] ішла па бальнічным калідоры, уся сцішаная, трывожная, са страхам адчыніла дзверы ў палату. Арабей.
3. Небяспечны. Час быў трывожны, і музыка гучала неяк дзіка і недарэчна. Няхай. Неспакойная, трывожная служба ў Міхаськавага бацькі. Хомчанка. // Які паведамляе пра небяспеку. Трывожны сігнал. Трывожны гудок.
трыво́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
Прыходзіць у стан трывогі, моцнага душэўнага хвалявання, турбавацца, хвалявацца. Трывожыцца Аленка: «Ці здолееш ты, Сцёпачка, да канца работу давесці?» — думае яна. Колас. Набліжалася зіма, і Аляксей Фаміч трывожыўся, каб паспець скончыць палявыя работы. Дуброўскі. Відаць было, як трывожыўся бусел: ён тупаў па краёчку з падветранага боку і прыціскаў галінкі да сцяны. Пальчэўскі.