тлу́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае шмат тлушчу. Тлустая свініна. □ Зямлянка напоўнілася смачным пахам тлустага баршчу. Шамякін. Магчыма нават, разважаў дзед,.. [Белалобая] таму і дае так многа тлустага малака, што ходзіць асобна, выбірае лепшую траву. Шуцько. // Які атрымаўся ад тлушчу. Тлустая пляма.
2. Тоўсты, укормлены, сыты. Наперад праціснулася Тэкля .. Яе тлусты падбародак затросся. П. Ткачоў. Ля Колі Жураўскага ляжаў добры тузін тлустых акунёў. Курто. Заяц тлусты, але паляжаў цэлы дзень і скура не адстае. Жычка. // Сакавіты, мясісты (пра расліны). Грыбоў — хоць касой насі: на імшарынах — махавікі, .. ваўнянкі і сыраежкі.. А яшчэ лісічкі-драбнухі, а тлустыя казлякі, а яркія падасінавікі на крэпкіх ножках! Лось.
3. перан. Насычаны карыснымі рэчывамі. Запраўленае ў тлустую і пульхную глебу насенне хутка і дружна прарасло. Паслядовіч. / Пра голас. Галасок Зэліка не [гарманіраваў] з яго .. магутнай фігурай. Такі чалавек павінен быў, здаецца, гаварыць тлустым, грудным басам. Бядуля.
4. Тоўсты, з тоўстымі лініямі (пра лініі, друкарскія знакі, літары і пад.). А адну заметку з «Звязды» ўпрыгожвалі нават не рыскі, а тлусты клічнік. Мехаў. «У палоне навуковасці», — прачытаў .. [Рыгор] набраны тлустым шрыфтам загаловак артыкула. Арабей.
•••
Тлусты кусок (кавалак) — тое, што і смачны кусок (кавалак) гл. кусок.
тлусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца тлустым або больш тлустым. Прыязджаў дзядзька з млына і прывозіў навіну: — Аптэкар зноў ездзіў у Беласток сала зразаць з жывата! — От, крывасмокі! У цябе кішкі ад працы папрысыхалі да крыжа, а яны ўсё тлусцеюць! Карпюк.
тлу́сціць, тлушчу, тлусціш, тлусціць; незак., што.
1. Вымазваць, зашмальцоўваць што‑н. тлушчам, чым‑н. тлустым.
2. Спец. Насычаць тлушчамі што‑н. у працэсе апрацоўкі. Тлусціць скуру.
тлушч, ‑у, м.
Нерастваральнае ў вадзе масляністае рэчыва, якое ўтрымліваецца ў жывёльных і раслінных тканках. Рыбін тлушч.
тлушчаадклада́нне, ‑я, н.
Выдзяленне і адкладанне тлушчу ў целе жывёльных арганізмаў.
тлу́шчавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тлушчу. Тлушчавыя адкладанні. // Які змяшчае ў сабе тлушч. Тлушчавая тканка.
2. Звязаны з апрацоўкай і выкарыстаннем тлушчу. Тлушчавая прамысловасць.
3. Які атрымаўся ад тлушчу. Тлушчавая пляма.
•••
Тлушчавыя залозы — залозы скуры ў жывёл і чалавека, якія выдзяляюць тлушчавае рэчыва.
тлушчазаме́ннік, ‑а, м.
Штучны заменнік тлушчаў. Сінтэтычны тлушчазаменнік.
тлушча́к, ‑а, м.
Дабраякасная пухліна з тлушчавай тканкі.
тлушчало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы, ж.
Спец. Ачышчальнае прыстасаванне ў сістэмах гарадской і прамысловай каналізацыі для выдалення тлушчаў са сцёкавых вод.