ільго́тны і льго́тны, ‑ая, ‑ае.
Які даецца каму‑н. як ільгота. Ільготныя ўмовы. Ільготная пуцёўка.
ільдзі́на і льдзі́на, ‑ы, ж.
Кавалак, глыба лёду. // Крыга. Здаецца, яшчэ ўчора .. [Нёман] імкліва нёс кудысьці на хвалях апошнія льдзіны, а сёння — вербы, заглядваючыся ў яго празрыстую ваду, нібы ў люстэрка, ужо любуюцца сваімі бледна-зялёнымі завушніцамі. Данілевіч. Ён [снежань] ахінуў стагі лугоў, Як верацёны снежнай воўнай; З-пад Налібок, з балот, лясоў Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну. Танк.
ільдзі́нка і льдзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да ільдзіна; невялікая льдзіна. Праходзілі крыгі; рака, ачышчаючыся, паспешліва праганяла адзінокія льдзінкі. Ракітны. // Кавалачак тонкага лёду. Палі прыцерушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны, поўныя каламутнай вады і тонкіх патрушчаных ільдзінак. Грахоўскі. // Лядзяш (на дрэвах, страсе і пад.). Сцюдзёная льдзінка на бярозе гарыць халодным сіняватым святлом. Лынькоў.
ільна... і льна... (гл. ільно...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «ільно...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: ільнаводства, ільнасеялка.
ільнаво́д і льнаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Той, хто вырошчвае лён. Стараннай працай ільнаводаў здабыт высокі ўраджай ільну. «Звязда».
ільнаво́дка і льнаво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Жан. да ільнавод.
ільнаво́дства і льнаво́дства, ‑а, н.
Галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем лёну; навука аб вырошчванні лёну.
ільнаво́дчы і льнаво́дчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ільнаводства, звязаны з ім. Ільнаводчыя калгасы. Ільнаводчы раён.
ільнамя́лка і льнамя́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Машына, якой мнуць лён.
ільнасе́мя і льнасе́мя, ‑я, н.
Насенне лёну, ільняное семя.