дабаранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.
1. што і без дап. Закончыць баранаванне; забаранаваць увесь які‑н. зямельны ўчастак. — Бедная дзяўчынка, — з горыччу прашаптаў Жастоўскі. — Не дабаранавала сваю палоску... Кулакоўскі. // Забаранаваць да якога‑н. месца. Дабаранаваць да лесу.
2. Прапрацаваць на баранаванні да якога‑н. часу. Дабаранаваў да паўдня.
даба́ўка, ‑і, ДМ ‑баўцы; Р мн. ‑бавак; ж.
Разм. Тое, што дабаўлена, прыбаўлена, падбаўлена. І ў сталовай [Толік] вёў сябе смела, еў усё падрад і нават папрасіў дабаўкі. Васілевіч.
дабаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дабаўляць — дабавіць.
даба́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дабавіць.
дабаўля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да дабавіцца.
2. Зал. да дабаўляць.
дабаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да дабавіць.
даба́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дабачыць.
даба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што. Даглядзець да канца.
2. (звычайна з адмоўем), чаго. Угледзець, убачыць. Дзядзька Мікалай не такі чалавек, каб дзе якую навіну не дачуў ці чаго не дабачыў. Якімовіч.
дабе́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Многа бегаючы, нашкодзіць сабе, набыць якую‑н. непрыемнасць. — Пачакай, дабегаешся, галубок! Я яшчэ цябе ў [ту]рму пасаджу, — не сунімаўся Ціток. Лобан.
дабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. дабег, ‑ла; заг. дабяжы; зак.
Бягом дасягнуць якога‑н. месца; прыбегчы. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Колас. Кравец дабег да суседняй вёскі і там астаўся начаваць. Чорны. // перан. Хутка рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., данесціся (пра хвалі, гукі і пад.). [Вада] шырокаю стужкаю, хвалюючыся, бяжыць па нізкіх лагчынах, як бы хоча хутчэй дабегчы ў нейкі далёкі-далёкі край. Колас.