блізня́ткі, ‑так; адз. блізнятка, ‑а, н.
Памянш.-ласк. да блізняты.
блізня́ты, ‑нят; адз. блізня і блізнё, ‑ніці, Т ‑нём, н.
Дзеці адной маці, якія нарадзіліся адначасова. Па вуліцы ішлі Хведаравы дзяўчаткі-блізняты. Паўлаў. / у перан. ужыв. Вясною неяк бачыў зводдаль Два азярцы ў цішы лясной. Такія роўныя абодва, Нібы блізняты між сабой. Гілевіч. Нясмелы і няўмелы — блізняты. Прыказка.
блізня́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да блізнят.
блі́зу, прыназ.
Разм.
1. з Р. Каля. Нехта згадаў, што блізу [крыніцы], на самым узлессі, была магіла трох братоў. Дубоўка. Блізу рэчкі пан і кажа: — Ты, — кажа, — паставіш каня ды ад таго канца зойдзеш, а я буду цябе ля чыстага плёса чакаць. Скрыган.
2. з Н. Амаль. У выглядзе высокага бялявага маўчуна амаль зусім не было нічога семіцкага і ён вось пратрываў ужо блізу два гады ў палоне. Брыль.
блі́зшы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і бліжэйшы (у 1, 2 знач.). Дзесьці на блізшым двары чуўся запознены голас казака: «Но, ты, не дурэй!» Лобан.
блізю́тка, прысл.
Разм. Вельмі, зусім блізка; блізенька. Круцяцца блізютка Галкі над палямі. Колас.
блік, ‑а, м.
Водбліск якога‑н. святла; светлавая пляма на якой‑н. гладкай паверхні. Сонечныя блікі. □ На вяршынях маўклівых соснаў, прыцярушаных снежнымі крупінкамі, іграюць ружовыя блікі. Данілевіч.
[Ням. Blick.]
блін, ‑а, м.
Хлебны выраб з рэдкага цеста, спечаны на скаварадзе. [Маці:] — Аднойчы адна кабета паліла ў печы і пякла бліны. Якімовіч. На зэдліку каля прыпека ляжаў стос жоўтых бліноў і пачаты кружок авечага лою. Дуброўскі.
•••
Першы блін камяком — пра няўдалы пачатак якой‑н. справы.
Як бліны пячы гл. пячы.
Разбіцца ў блін гл. разбіцца.
блінда́ж, ‑а, м.
Фартыфікацыйнае збудаванне для ўкрыцця жывой сілы ад агню зброі масавага паражэння. На подступах да лагера партызаны нарабілі бліндажы. Сіняўскі. Расколатыя прыступкі.. вядуць у .. бліндаж, засыпаны ігліцай і сасновымі шышкамі. В. Вольскі.
[Фр. blindage.]