Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бервяно́, а́; мн. бярвёны, ‑аў (з ліч. 2, 3, 4 бервяны́); н.

Круглы, тоўсты, ачышчаны ад галін і сучча ствол вялікага дрэва. Лявон Здрок меў такую сілу, што падымаў за камель і клаў на перадок воза самае тоўстае бервяно. Сабаленка.

бергамо́т, ‑а, М ‑моце, м.

1. Агульная назва некаторых сартоў груш. Чырвоны бергамот.

2. Невялікае вечназялёнае пладовае дрэва сямейства рутавых, эфірны алей якога выкарыстоўваецца ў парфумнай і кандытарскай вытворчасці.

бергамо́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бергамоту. Бергамотавае дрэва. // Зроблены з пладоў бергамоту. Бергамотавы алей.

бе́ркавец, ‑каўца, м.

Старая мера вагі, роўная 10 пудам.

бе́рклій, ‑ю, м.

Трансураваны радыеактыўны хімічны элемент.

бе́ркут, ‑а, М ‑куце, м.

Драпежная птушка сямейства ястрабіных; буйная парода арлоў.

[Цюрк.]

беркуцяня́, і беркуцянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня беркута.

бе́рма, ‑ы, ж.

Спец. Уступ на адхоне высокай плаціны, канала, чыгуначнага насыпу, які робіцца для таго, каб надаць адхону большую ўстойлівасць.

[Ад ням. Berme.]

бертале́таў, ‑тава.

У выразе: берталетава соль гл. соль.

[Ад уласн. імя.]

беры́л, ‑у, м.

Мінерал, алюмасілікат берылію; каштоўны камень.