Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дырэкты́ва, ‑ы, ж.

Агульнае кіруючае ўказанне вышэйшага органа ніжэйшаму. Дырэктывы XXIV з’езда КПСС. Выканаць дырэктывы партыі і ўрада.

[Фр. directive з лац.]

дырэкты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае характар дырэктывы, заключае ў сабе кіруючыя ўказанні. Дырэктыўнае пісьмо. Дырэктыўны план.

дырэ́кцыя, ‑і, ж.

Кіруючы орган прадпрыемства, установы на чале з дырэктарам. Дырэкцыя завода. Дырэкцыя тэатра. // Памяшканне, дзе знаходзіцца кіраўніцтва прадпрыемства, установы.

[Ад лац. directio — кірунак.]

дыс... (а таксама дыз...), прыстаўка.

Абазначае парушэнне, разлад, страту чаго‑н.; адпавядае па значэнню прыстаўкам «раз...», «не...», напрыклад: дысгармонія, дыскваліфікацыя, дыслакацыя.

[Лац. dis..., грэч. dys...]

дысана́нс, ‑у, м.

1. Негарманічнае спалучэнне музычных гукаў, парушэнне сугучнасці; проціл. кансананс.

2. перан. Разлад, няўзгодненасць з чым‑н., супярэчнасць чаму‑н. І толькі адзін дэлегат выступіў з прапановай, якая прагучэла дысанансам у агульнай дыскусіі. Лынькоў. Першы стрэл прагучаў дысанансам да.. спакойнай ранішняй цішыні. Дамашэвіч.

[Фр. dissonance.]

дысані́раваць, ‑руе; незак.

Гучаць дысанансам.

дысацыя́цыя, ‑і, ж.

1. Распад малекул на састаўныя часткі. Тэорыя электралітычнай дысацыяцыі.

2. Парушэнне звязнасці псіхічных працэсаў.

[Ад лац. dissociatio — раз’яднанне.]

дысгармані́раваць, ‑руе; незак.

1. Быць у дысгармоніі, парушаць гармонію.

2. перан. Быць у разладзе, няўзгодненасці, разыходзіцца з чым‑н.

дысгармані́чны, ‑ая, ‑ае.

З наяўнасцю дысгармоніі; бязладны, негарманічны. Дысгарманічная музыка. Дысгарманічнае спалучэнне колераў. □ Дысгарманічны ход думак ураз спыніўся на месцы, змяніў кірунак, сцішыўся, павальнеў. Мікуліч.

дысгармо́нія, ‑і, ж.

1. Парушэнне або адсутнасць гармоніі, бязладнае гучанне; немілагучнасць.

2. перан. Разлад, няўзгодненасць, разыходжанне чаго‑н. з чым‑н. На белым кані, малады і радасны, Станіслаў Югкевіч уносіў дысгармонію ў абставіны. Мікуліч.

[Ад грэч. dys і harmonia— сугучнасць.]