Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усялі́ць, усялю, уселіш, уселіць; зак., каго-што.

1. Пасяліць на жыхарства. Усяліць новых жыхароў у кватэру.

2. перан. Выклікаць якое‑н. пачуццё, пасеяць якія‑н. думкі. Пісьмы развеялі крыўду, замест яе ўсялілі надзею, нейкае светлае, нязведанае дагэтуль пачуццё да бацькі. «Звязда».

усяля́к, прысл.

Разм.

1. Па-рознаму, неаднолькава. Усяляк паміж жонкаю і мужам бывае. Бядуля.

2. Усімі спосабамі, усяк. Валя бачыла, што маці стараецца ўсяляк адгарадзіць яе ад бурлівых падзей. Сіняўскі. [Марыя] кахала.. [Аляксея]. Кахала і ўсяляк старалася ўтаіць ад каханага сваю беднасць. Шашкоў.

усяля́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Самы разнастайны, розны. Ламачча ўсялякага тут хапала, хоць гаць гаці. Гурскі. Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Чорны. / у знач. наз. усяля́кае, ‑ага, н. У жыцці здараецца ўсялякае, і нельга яшчэ з аднаго факта рабіць вывады. Дзятлаў.

2. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б там ні быў. Дзень прайшоў без усялякіх здарэнняў. Новікаў. — [Хлопец] ужо два разы назначаў мне спатканне, — без усялякай хітрасці казала Ліна. Алешка. Сяброўкі хацелі ўкутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч.

усяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да усяліцца.

2. Зал. да усяляць.

усяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да усяліць.

усяме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца ўсімі мерамі, усімі спосабамі, сродкамі. — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль.

усямёх, прысл.

У колькасці сямі чалавек (толькі пра мужчын або толькі пра жанчын).

усяно́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прадаўжаецца, працягваецца ўсю ноч. Гэта было ўсяночнае вандраванне. Яны ўдвух [Мішурын і Вялічка] усю ноч блыталіся па цёмных закутках, абы не натрапіць на нямецкія вочы. Чорны.

2. у знач. наз. усяно́чная, ‑ай, ж. Царкоўная служба перад вялікаднем у праваслаўных хрысціян, якая працягваецца ўсю ноч.

усярэ́дзіне, прысл. і прыназ.

1. прысл. Унутры, у цэнтры чаго‑н. Міхась схапіў рагожу і.. стаў вышароўваць бітон усярэдзіне і зверху. Дайліда. Золка за плячыма, ные і ные ўсярэдзіне, як на што нядобрае. Пташнікаў. Смешныя ў .. [Курта] выходзілі пячонікі: зверху вуголле, а ўсярэдзіне цвёрдыя, як камень, — ні ўкусіць, ні ўгрызці. Ракітны.

2. прыназ. з Р. Пасярод. З налітымі крывёю вачамі, каровы равуць, грабуць капытамі зямлю... Усярэдзіне статка — на невялікім пятачку — воўк. Бяспалы.

усярэ́дзіну, прысл. і прыназ.

1. прысл. Унутр. Чалавек разграбаў на страсе салому, рабіў лаз усярэдзіну. Курто.

2. прыназ. з Р. Унутр чаго‑н. Снарад праламаў сцяну і трапіў усярэдзіну дома.