Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыплама́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑такі ж.

Жан. да дыпламант.

дыплама́т, ‑а, М ‑маце, м.

1. Службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі. Нашых дыпламатам трэба было прыкласці нямала сіл, энергіі і вытрымкі, каб паказаць міжнародныя падзеі ў іх сапраўдным святле. Новікаў. Сын працуе дыпламатам у адной заакіянскай краіне, дачка ў горадзе метэаролагам. Дуброўскі.

2. перан. Чалавек, які тонка і ўмела вядзе сябе з іншымі людзьмі для дасягнення якой‑н. мэты. Лабановіч маўчаў, слухаў гэтага дыпламата і спрытнага чалавека. Колас. — Аднак дыплама-ат! — пакруціў галавой Жданковіч. Размова ажывілася, зрабілася больш простай і непасрэднай. Шамякін.

[Фр. diplomate.]

дыплама́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Жан. да дыпламат.

дыплама́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Дзейнічаць, гаварыць асцярожна, не раскрываючы сапраўднага намеру. Як толькі Загурскі пачаў гаварыць, я зразумеў, што дыпламатнічаць ён не ўмее. Асіпенка.

дыплама́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Раздзел крыніцазнаўства, які вывучае паходжанне, структуру і змест гістарычных дакументаў з мэтай выяўлення іх аўтэнтычнасці, часу напісання і пад.

дыпламаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дыпламатычнага. Дыпламатычнасць у паводзінах.

дыпламаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дыпламатыі (у 1 знач.), да дыпламата (у 1 знач.). Дыпламатычныя адносіны.

2. перан. Уласцівы дыпламату (у 2 знач.); тонкі, умелы. Дыпламатычны адказ. □ Хлопцы вялі з ім [галоўным інжынерам] дыпламатычную гутарку, усё спадзеючыся, што інжынер, нарэшце, скажа, чым электрастанцыя аддзякуе студэнтам за работу. Карпюк.

•••

Дыпламатычнае прадстаўніцтва гл. прадстаўніцтва.

Дыпламатычны кур’ер гл. кур’ер.

дыплама́тыя, ‑і, ж.

1. Дзейнасць урада па ажыццяўленню знешняй, міжнароднай палітыкі дзяржавы мірным шляхам.

2. перан. Тонкі разлік, умельства і спрыт у дзеяннях, накіраваных на дасягненне якой‑н. мэты. Каця адкінула прэч усялякую дыпламатыю і спытала проста, патрабавальна: — Скажы, Рая, чаму ты капрызнічаеш? Шамякін.

[Фр. diplomatie.]

дыпло́м, ‑а, м.

1. Дакумент аб заканчэнні вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, а таксама аб прысуджэнні вучонай ступені ці прысваенні ганаровага звання. Універсітэцкі дыплом. Дыплом кандыдата філалагічных навук. Дыплом старшага навуковага супрацоўніка.

2. Пасведчанне, грамата, якія прысуджаюцца за якія‑н. дасягненні, поспехі і пад. Дыплом конкурсу піяністаў. □ Калгас быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі і атрымаў дыплом другой ступені. Жычка.

3. Разм. Работа, даследаванне, праект, якія выконваюцца пры заканчэнні вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы; дыпломная работа.

•••

Дыплом з адзнакай — дыплом спецыяліста, які закончыў вышэйшую навучальную ўстанову з выдатнымі адзнакамі.

[Фр. diplôme з грэч.]

дыпло́мнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і дыпламант (у 1 знач.).