Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, падняць наверх або з цяжкасцю ўзнесці, узвезці на што‑н. высокае. Матросы доўгімі вяроўкамі ўсцягнулі трап на ніжнюю палубу. Савіцкі. Коннік нагнуўся, схапіў Міхася пад пахі і ўсцягнуў у сядло. Машара. Худыя коні не маглі усцягнуць конку на пагорак. П. Ткачоў.

2. Разм. Надзець, апрануць з цяжкасцю што‑н. Карніцкі.. спрабаваў усцягнуць на нагу бот і не мог. Паслядовіч. // Накрыцца чым‑н.; нацягнуць на сябе што‑н. Вецер быў неспакойны, халодны, як крынічнай вадою абліваў шыю — прыйшлося ўсцягнуць на сябе посцілку. Мележ.

усця́ж, прысл. і прыназ.

Абл.

1. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; скрозь. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна. Колас. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Паставіўшы ля варот вядро, .. [Алёша] паімчаўся ўсцяж па вуліцы далей. Краўчанка. Няхай гудзе, як першы гром вясною, Усцяж па ўсёй зямлі, па ўсіх марах Жывая слава пераможцам бою, Паборнікам і праўды і дабра. Астрэйка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «усцяж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Хуткая плынь ракі адразу панесла пантон з танкам усцяж берага. Мележ. Ніна неўзабаве выйшла на ўскрай лесу і недалёка ўбачыла вёску, што раскінулася ўсцяж дубровы. Шчарбатаў. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей.

усцярэ́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усцерагчы.

усчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чэпіцца; зак.

1. Ухапіўшыся за каго‑, што‑н., павіснуць. Усчапіцца на шыю.

2. Разм. Узлезці, залезці на што‑н. [Варанецкі] выбег на вуліцу і з ходу ўсчапіўся на пажарную бочку, якую коні імчалі міма варот. Дуброўскі.

усчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак. што.

1. Павесіць, начапіць. Усчапіць стрэльбу на плячо. □ Пабарабаніў [Мароз] пальцамі, па стале, падышоў да [вешалкі], усчапіў на калок казакін, ускінуў хромавую кубанку. Лобан.

2. Надзець на сябе або на каго‑н. вопратку. [Хлор:] — Хто ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Ну, усчапіў капялюш, дык ужо, думаеш, і паніч. Гартны.

усча́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усчаць.

усча́цца, узачнецца; пр. усчаўся, ‑чаліся, ‑чалося; зак.

Разм. Пачацца, распачаццца. Сварка ўсчалася. □ Непадалёку ад вёскі Чамууры раптам усчалася беспарадкавая страляніна. Чыгрынаў.

усча́ць, узачну, узачнеш, узачне; узачнём, узачняце; пр. усчаў, ‑чала, ‑чало; заг. узачні зак., што і чаго.

Разм. Пачаць, распачаць. Усчаць сварку. □ Хлапец затрымліваўся, наравіў усчаць доўгую гаворку. Кулакоўскі. Ні ў гэты вечар, ні ў наступныя ўсчаць бок Мірон не адважыўся... Сачанка. [Язэп:] «Каб я згадзіўся з Шугаем, Гаравы не ўсчаў бі гэтай справы». Асіпенка.

усчына́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усчынаць — усчаць.

усчына́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да усчацца.

2. Зал. да усчынаць.