усця́ж, прысл. і прыназ.
Абл.
1. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; скрозь. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна. Колас. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Паставіўшы ля варот вядро, .. [Алёша] паімчаўся ўсцяж па вуліцы далей. Краўчанка. Няхай гудзе, як першы гром вясною, Усцяж па ўсёй зямлі, па ўсіх марах Жывая слава пераможцам бою, Паборнікам і праўды і дабра. Астрэйка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «усцяж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Хуткая плынь ракі адразу панесла пантон з танкам усцяж берага. Мележ. Ніна неўзабаве выйшла на ўскрай лесу і недалёка ўбачыла вёску, што раскінулася ўсцяж дубровы. Шчарбатаў. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)