Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

тра́сцавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да трасцы, бывае пры трасцы. Трасцавы стан.

трасці́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для трашчэння. Трасцільны цэх.

трасці́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца трашчэннем пражы.

трасці́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да трасцільшчык.

трасці́на, ‑ы, ж.

Тонкая пласцінка ў бёрдзе.

трасці́цца, ‑ціцца; незак.

Зал. да трасціць.

трасці́ць, трашчу, тросціш, тросціць; незак., што.

Спец. Злучаць разам дзве або некалькі нітак.

трасяні́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. трэсці (у 2 знач.); трасенне.

2. Калыванне пры яздзе па няроўнай дарозе. [Панасюк:] — Я, напрыклад, нядаўна ехаў у поездзе, дык такая была страшэнная трасяніна, што ледзь на нагах трымаўся. «Звязда».

3. Разм. Сварка, калатня. І ўсё ўстала прад вачыма Беднае кабеты: .. Сваркі, трасяніна. Колас.

трася́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле. З катуха, у які мы кідалі Падласцы трасянку з саломы і сена, мне ўжо не вельмі цяжка было дабірацца да бэлькі. Брыль.