Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

зграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згрэбці.

згра́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зграбнага. Зграбнасць фігуры. Зграбнасць рухаў.

згра́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.

2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.

зграбці́,

гл. згрэбці.

зграбці́ся,

гл. згрэбціся.

згразі́ць, згражу, згрозіш, згрозіць; зак.

Прыстрашыць, прыгразіць. Згразіў на бяду — пусціў рака ў ваду. Прыказка.

зграшы́ць, зграшу, згрэшыш, згрэшыць.

Зак. да грашыць.

згра́я, ‑і, ж.

Разм.

1. Група сабак, ваўкоў і пад. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. [Ваўкі] палююць зграямі на ласёў, аленяў і казуль. В. Вольскі.

2. перан. Банда, шайка. Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў. Быкаў. Зладзейская зграя канец свой знайшла. Дубоўка.

згрубе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які згрубеў, зрабіўся грубым. — Дзень добры ў хату! — бадзёра кінуў .. [Мікола] групе мужчын, якія, навісшы над прылаўкам, смакталі цыгаркі і церлі згрубелымі пальцамі прывезены сёння Нічыпарам шавіёт. Б. Стральцоў.

згрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.

Зак. да грубець.