Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыкта́тарстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

1. Быць дыктатарам.

2. Весці сябе як дыктатар.

дыктату́ра, ‑ы, ж.

1. Дзяржаўная ўлада, якая апіраецца на сілу пануючага класа. Ваенная дыктатура. Дыктатура буржуазіі.

2. У Старажытным Рыме — паўнамоцтвы, улада дыктатара; час панавання дыктатара.

•••

Дыктатура пралетарыяту — дзяржаўная ўлада рабочага класа, які перамог у сацыялістычнай рэвалюцыі.

дыктафо́н, ‑а, м.

Апарат для запісу вуснай мовы з мэтай узнаўлення яе пры неабходнасці.

[Ад лац. dictō — дыктую і грэч. phōn — голас.]

дыктафо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дыктафона. Дыктафонная лента. // Зроблены з дапамогай дыктафона. Дыктафонны запіс.

2. Аснашчаны дыктафонамі. Дыктафоннае бюро.

дыкто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. дыктаваць. Пісаць пад дыктоўку.

2. Тое, што і дыктант. Тыдні два .. [вучні] старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Колас.

•••

Пад дыктоўку чыю — пад уплывам, па загаду каго‑н.

ды́кцыя, ‑і, ж.

Вымаўленне; манера вымаўляць словы. У лектара добрая дыкцыя. Практыкаванні па дыкцыі.

[Ад лац. dictio.]

ды́лда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм. пагард. Пра высокага нязграбнага чалавека (часцей пра жанчыну). А жонку меў [купец], на жаль, панурую, худую дылду з чорнымі вусамі, як у мышы. Гарэцкі.

дыле́ма, ‑ы, ж.

1. Суджэнне, вывад з двума процілеглымі палажэннямі, з якіх неабходна выбраць адно, паколькі трэцяе немагчыма.

2. Становішча, пры якім выбар адной з дзвюх процілеглых магчымасцей аднолькава цяжкі. — А калі б перад табою паставілі такую дылему: салдат ці арыштант? Што выбраў бы? Колас.

[Грэч. dilēmma.]

дылета́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто займаецца навукай або мастацтвам без спецыяльнай падрыхтоўкі; чалавек, які мае павярхоўнае знаёмства з якой‑н. галіной ведаў. Дылетант у музыцы.

[Іт. dilettante.]

дылета́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да дылетант.