Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дуэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дуэлі. Дуэльныя правілы. // Прызначаны для дуэлі. Дуэльны пісталет.

дуэля́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Удзельнік дуэлі // Ахвотнік да дуэлей. Выпівоха і дуэлянт, [фон Мантэйфель] не раз трапляў у непрыемныя гісторыі. Новікаў.

дуэ́ння, ‑і, ж.

Уст. Апякунка, выхавальніца маладой жанчыны-дваранкі ў Іспаніі і некаторых іншых краінах.

[Ісп. duēna.]

дуэ́т, ‑а, М дуэце, м.

1. Музычны твор або эпізод у оперы, араторыі і пад. для двух інструментаў або двух галасоў з самастойнымі партыямі. Вакальны дуэт. Дуэт для скрыпкі і віяланчэлі.

2. Ансамбль з двух выканаўцаў. // Пра ўдзельнікаў парнага спартыўнага выступлення. Спартыўны дуэт.

3. у знач. прысл. дуэ́там. У два галасы, на двух інструментах. Спяваць дуэтам.

[Іт. duetto.]

дуэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дуэта.

ды 1, злучнік.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара. Чарот. // Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.

2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі. Якімовіч. Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна. Колас.

II. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна. Колас. Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў. Брыль. І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк. // У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу. Бялевіч. Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца. Шамякін. // Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка. Прыказка. // У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы. Колас.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва. Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі. Кулакоўскі. / У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Лынькоў. Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. Асіпенка. / У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся. Шамякін. Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае. Чарот. // Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі! Колас. Біўся, біўся ды з сілы выбіўся. Крапіва.

3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць. Колас.

•••

Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве. Брыль.

Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.

ды 2, часціца, узмацняльная.

Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі? // У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра. Гартны. Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік. Колас. // Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч. — Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба! Брыль.

дыб, дыб-ды́б, выкл.

у знач. вык. Ужываецца ў значэнні дзеяслова дыбаць. І [в]от ідуць сабе: сакратар — топ-топ па гразі, а крамнік — дыб-дыб, як певень. Мурашка.

ды́ба 1, ‑ы, ж.

Сярэдневяковая прылада для катаванняў. Падняць на дыбу. Паслаць на дыбу.

ды́ба 2, прысл.

Разм. Тое, што і дыбам. Конь стаў дыба.

дыбазо́л, ‑у, м.

Лекавы прэпарат, які валодае сасударасшыральным дзеяннем.

ды́бам, прысл.

Падняўшыся ўверх; тарчма, старчаком. Сняцца аглухшыя рыбы, Стогны у далях марскіх, Сняцца узнятыя дыбам Хвалі ад выбухаў іх [мін]. Танк.

•••

Валасы (сталі, становяцца) дыбам гл. волас.