Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

траскападо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Падобны на трэску.

2. у знач. наз. траскападо́бныя, ‑ых. Атрад касцістых рыб, да якога адносяцца траска, мерлуза і інш.

траскатня́, ‑і, ж.

1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.

2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

траско́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да траскі, звязаны з лоўляй траскі. Трасковы промысел.

2. у знач. наз. траско́выя, ‑ых. Сямейства рыб, да якога адносяцца траска, навага, сайда, мянтуз і інш.

траску́н, ‑а, м.

1. Жук сямейства лістаедаў, які ўтварае трэск трэннем кончыка брушка аб надкрыллі.

2. Разм. Моцны мароз. — Спі, сынок! — азвалася спрасонку маці. Ён ціха пасядзеў на ложку, пакруціў галавою і, прыслухаўшыся да цемнаты, уцяміў — страляў мароз-траскун у сцяне. Капыловіч.

траску́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае трэск (у 1 знач.). Два чалавекі ў высокіх ботах і футрах ідуць па траскучым лёдзе Пчолкі. Аляхновіч. // Рэзкі (голас, гук). Траскучы, прарэзлівы смех [Наташы] заглушаў бацькаў голас, біў па сценах, па ўсіх кутках дома. Кулакоўскі.

2. перан. Пусты, беззмястоўны, разлічаны на знешні эфект. Многія газеты не пазбавіліся яшчэ ад траскучай параднасці, бязмернага замілавання поспехамі і лічбамі, змяшчаюць агульныя заметкі і артыкулы замест дэталёвага паказу праведзенай работы, глыбокага вывучэння вопыту перадавікоў і простага, даступнага раскрыцця сутнасці гэтага вопыту. «Звязда».

траста́, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Сцябло льну, канопляў пасля мачэння, ляжання, з якога атрымліваюць валакно для пражы.

трасу́н, ‑а, м.

Спец. Устройства з жалабоў, якія трасуцца, для транспарціроўкі сыпкіх цел.

трасу́ха, ‑і, ДМ ‑сусе, ж.

Абл. Ліхаманка. І тут раптам Даніла ўсхапіўся з ложка. Ён увесь дрыжаў, яго калаціла трасуха. Каліна.

•••

Полька-трасуха — беларускі народны танец.

трасу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм. Ліхаманка. Хадоська .. чула, як нешта сціскае, ломіць яе, поўніць усю такім холадам, што вось-вось не ўтрываеш, закалоцішся, бы ў трасучцы. Мележ. // Дрыжыкі ад хвалявання. Прызналася [Ларыса], што ледзь не замучыла яе нейкая трасучка, калі людзі папрасілі выступіць у калгасным лекторыі. Кулакоўскі.

трасу́чы, ‑ая, ‑ае.

Які моцна трасе, трасецца. У трасучым кузаве далёка не праедзеш.