Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

зацвярдзе́ць, ‑ее; зак.

Зрабіцца цвёрдым, каляным. Зацвярдзела зямля, і кожны крок чалавека стаў аддавацца звонкім гулам. Шчарбатаў. Трэба было разліваць сталь, і Барашкін узяў у рукі тонкі жалезны лом, на якім.. зацвярдзеў метал ранейшай плаўкі. Савіцкі. // перан. Стаць суровым, строгім. Прыветлівая ўсмешка знікла з твару гаспадыні. А дзяўчынка, убачыўшы, як адразу зацвярдзеў твар жанчыны, ужо вельмі шкадавала, што паслухалася маці і абяцала папрасіць грошай. Арабей.

заце́кчы, ‑цячэ; зак.

Тое, што і зацячы. Да самага коміна — К саломцы саломіна, Не зацекчы столі Больш цяпер ніколі. Блатун.

зацеляпа́цца, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаць целяпацца.

за́цемак, ‑мку, м.

Зацененае, слаба асветленае месца. Пеця садзіўся дзе-небудзь у зацемку і марыў. Карпюк. [Андрэй Данілавіч] падняўся з канапкі, у якой грымнулі і заспявалі спружыны, і патупаў у прахалодныя зацемкі сенцаў. Ракітны.

за́цемна, прысл.

1. Да світання, пакуль яшчэ цёмна. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Галя мала і бачылася з Вадзімкам: зацемна бегла на ферму і вярталася таксама прыцемкам ужо. Сабаленка.

2. Разм. Пасля змяркання; прыцемкам. Улетку зацемна вернешся з поля, не паспееш павячэраць, як песні клічуць цябе з хаты. Сяргейчык.

заце́мнены і зацямнёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зацямніць.

заце́мрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Разм. Зацямніць. Нашых песень, светлых думак Нішто не зацемрыць. Купала.

заце́нены і зацянёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зацяніць.

за́цень, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і засень. Вунь юнак і дзяўчына кіруюцца У зялёную зацень алей. Панчанка.

за́цепла, прысл.

Разм. Пакуль цёпла, да наступлення холаду. Зацепла выкапаць бульбу.