распо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распіраць — расперці.
2. Р мн. ‑рак. Брус, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях і збудаваннях для фіксацыі іх у пэўным становішчы. // Тое, чым распіраюць што‑н. і прадухіляюць збліжэнне паміж чым‑н. Праўда, майстры і тут ведалі, што рабіць. У ход ішлі распоркі, клін, кувалда, і дошкі станавіліся на сваё месца. Сапрыка.
3. Разрэз, распорак. На мне быў кароткі кажушок з аблямаванай распоркаю ззаду. Скрыган. Пярэдняя полка з засцежкай (распоркай), якую прыкрываў фартушок, амаль заўсёды рознілася ад іншых арнаментам. «Помнікі». // Разрэзанае, разарванае па шву месца. Шапка была б.. ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь па швах. Чорны.
распо́рны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да распору, прызначаны для яго. Распорная бэлька. Распорная сістэма.
распо́ўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць многа і доўга поўзаць.
распо́ўзлы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў пэўныя абрысы, форму. Распоўзлымі сінімі літарамі бацька паведамляў навіны не надта радасныя. Навуменка. Я аж засмяяўся ад параўнання такога элегантнага з выгляду чалавека ў капелюшы з чарвівым, распоўзлым ад часу грыбам. Сабаленка. // Размоклы; раскіслы. Пасля доўгага.. дажджу гатка, мусіць, і сама распоўзлая стала. Чыгрынаў.
распра́ва, ‑ы, ж.
Жорсткае прымяненне сілы да каго‑н. з мэтай пакарання або прымусу. Расправу чыніць польскае начальства над тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. Колас.
распра́віцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Учыніць расправу над. кім‑н.; пазбавіцца ад каго‑н., знішчыўшы або абясшкодзіўшы. Расправіцца з ворагамі. □ — Не змаглі вы самі асіліць Волата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Управіцца з чым‑н., адолець, што‑н. Упэўнены, што калі ён так шчыра ўзяўся за вучобу, то хутка расправіцца з заданнем, Паўлік паспешліва пачаў сам сабе чытаць умову першай задачы. Краўчанка. // З’есці без астатку. Афіцэр расправіўся з курыцаю, выцер хустачкаю рот. Якімовіч. Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. В. Вольскі.
распра́віцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
Зрабіцца роўным, разгладзіцца, выпрастацца. А пойдуць у даль грукатаць перуны, Расправяцца ветразі, высахнуць снасць, — Адзін за адным павяслуюць чаўны. Лужанін. / у перан. ужыв. Прайшло, мінула колькі год, Узрос, расправіўся народ, Пайшоў ў жыцці на ўсё прыплод, Узняўся з поля ўмалот, З’явілася здабыткаў шмат. Броўка.
распра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.
1. Разгладзіць, зрабіць роўным. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. [Анісся], дрыготкімі пальцамі расправіла выцерты шоўк. Лынькоў. // Размясціць правільна. Расправіць складкі.
2. Напружыўшы мышцы, выпрастаць, выцягнуць (часткі цела). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той — тру-гу-гу. Колас. [Рыбак] скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Быкаў. // Падняўшы, выцягнуўшы, разгарнуць (рукі, крылы і пад.).
•••
Расправіць крылы (плечы) — праявіць усе свае сілы, здольнасці; дзейнічаць рашуча, смела, энергічна.
распрага́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распрагаць — распрэгчы.
распрага́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распрэгчыся.
2. Зал. да распрагаць.