Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

заспа́цца, ‑сплюся, ‑спішся, ‑спіцца; зак.

Разм. Праспаць залішне доўга. Роза заспалася і прачнулася тады, калі на дварэ ўжо было зусім светла. Лынькоў. — Юра, Юрачка, уставай! Што ж гэта сёння ты так заспаўся? Брыль.

заспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. Прачнуцца пазней, чым трэба; праспаць. У панядзелак Сямён Парфёнавіч заспаў .. Такога з ім не здаралася ўжо год дваццаць — каб ён праспаў. Шамякін. — Ты ж глядзі, Гарык, не заспі! — паказваў Андрэй сябру-таўстуну, які часта спазняўся ў школу. Скрыпка.

2. што. Разм. Доўга сплючы, пазбавіць свежасці, жывасці (твар, вочы). Заспаць твар.

заспе́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заспець.

заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.

2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.

заспіртава́цца, ‑туецца; зак.

Праняцца, насыціцца спіртам. Прэпарат добра заспіртаваўся.

заспіртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

Пакласці ў спірт для засцярогі ад гніення. Заспіртаваць яшчарку.

заспірто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да заспіртавацца.

2. Зал. да заспіртоўваць.

заспірто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заспіртаваць.

заспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць спрачацца.

заспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць спяваць. // Праспяваць. На двары хрыпла, відаць, яшчэ не зусім прачнуўшыся, заспяваў певень. Яму адказаў другі, трэці. Курто.