заспакае́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заспакоіць і стан паводле знач. дзеясл. заспакоіцца. Сваёю заяваю Мікіта ў значнай ступені паспрыяў заспакаенню таго разброду, што пачаўся паміж затонцамі. Колас. Адзіны выхад — трэба ехаць на Паволжа і там знайсці заспакаенне ў працы. Пестрак.
заспакая́льны, ‑ая, ‑ае.
Які памяншае ўзбуджанасць або знімае боль. Заспакаяльныя сродкі. // у знач. наз. заспакая́льнае, ‑ага, н. Лякарства, якое памяншае ўзбуджанасць або знімае боль.
заспако́енасць, ‑і, ж.
Стан спакою, ураўнаважанасці. І як толькі гэта рашэнне замацавалася, да Салаўёва прыйшла заспакоенасць, як быццам эшалон ужо, як гаварылі падрыўнікі, ляжаў у кішэні. Шахавец. // Задаволенасць дасягнутым; бестурботнасць, абыякавасць. — Аж чатырох байцоў мы тут згубілі. Вось да чаго заспакоенасць наша прывяла... Краўчанка.
заспако́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад заспакоіць.
заспако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.
Суняць свой неспакой, хваляванне, узбуджанасць; супакоіцца. Успамінаючы ўчарашнія Казюковы пагрозы, Каетан Гумоўскі ніяк не мог заспакоіцца. Броўка. Конь паставіў вушы, высока падняў галаву, але зараз жа заспакоіўся і захрумстаў траву. Колас. // на чым і без дап. Разм. Задаволіцца дасягнутым; стаць бестурботным, абыякавым. Заспакоіцца на дасягнутым. □ Мы вельмі заспакоіліся за часы вучобы, ад жыцця адарваліся. Галавач.
заспако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.
Развеяць чый‑н. неспакой, хваляванне, узбуджанасць; прывесці ў стан спакою; супакоіць. Азаркевіч захваляваўся, ён баяўся, каб .. [абсталяванне] не паіржавела, але стары яго заспакоіў, што нічога не здарыцца, бо ён сам упакоўваў. Гурскі. Старалася .. [Агата] перамагчы ўсе вялікія трывогі свае і заспакоіць неспакойнае сэрца. Чорны. // Суняць, зменшыць (смагу, боль і інш.). Пякучы боль і гнеў мы толькі помстай заспакоім, каб вораг больш не смеў таптаць наш край ніколі. Машара.
заспако́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заспакоіцца.
2. Зал. да заспакойваць.
заспако́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заспакоіць.
заспако́йлівы, ‑ая, ‑ае.
Які заспакойвае, прыносіць заспакаенне. Заспакойлівае слова.
заспа́ны, ‑ая, ‑ае.
Са слядамі нядаўняга сну; сонны. Заспаны твар. Заспаныя вочы. □ Назаўтра я прачнуўся позна: ужо даўно была раніца. Заспаны, выйшаў на ганак. Чыгрынаў.