Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брыганці́на, ‑ы, ж.

Уст. Невялікі брыг, ваенны або карсарскі. Тое, што здалося Арцёму Іванавічу імем, азначала назву нежывой істоты, «брыганціна» — карабель. Мележ.

[Іт. brigantino.]

брыда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Што‑н. непрыемнае, брыдкае, паскуднае; дрэнь, гадасць. [Янка:] — Ведаеш, брат, такая прыснілася брыда, што і цяпер яшчэ праціўна ў роце. Колас. А кпіны слухаць там і розную брыду — Ды ну іх, кажа [заяц], к ліху! Крапіва.

2. Разм. Аб кім‑н. брыдкім, паскудным, агідным. Усе адчувалі, што недалёка той дзень, калі рушыць наперад слаўная Савецкая Армія і дачыста змяце з зямлі фашысцкую брыду. Шчарбатаў. — Вон з хаты, брыда! — закрычала.. [Параска] і ўсхапілася. Лобан.

бры́дасць, ‑і, ж.

Абл. Тое, што і брыда, брыдота. — Што ты да мяне маеш, брыдасць ты гэтакая? Вітка.

брыдж, ‑а, м.

Карцёжная гульня, распаўсюджаная ў Англіі і ў Амерыцы. Гуляць у брыдж.

[Англ. bridge.]

бры́джы, ‑аў; адз. няма.

Штаны асобага крою, вузкія ўніз ад калена (першапачаткова прызначаліся для верхавой язды). [Гжэцкі] прыехаў у добрым мундзіры, перапаясаным накрыж рамянямі, з бліскучаю аздобаю на казырку канфедэраткі, у брыджах і ў блішчастых са шпорамі ботах. Скрыган.

[Англ. breeches.]

бры́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Выказваць, адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н. адмоўнага, брыдкага; гадзіцца. [Арлоўскі:] — Не даваць ніякага спуску парушальнікам! Цягнуць іх на сход, на суд грамадскі! І сарамаціць так, каб парушальнік брыдзіўся самога сябе за свой учынак! Паслядовіч.

2. Тое, што і брудзіцца.

3. Зал. да брыдзіць.

бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.

1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.

2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.

•••

Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.

бры́дка,

1. Прысл. да брыдкі.

2. безас. у знач. вык. Сорамна, непрыемна, агідна. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.

брыдкасло́ў, ‑слова, м.

Чалавек, які любіць ужываць брыдкія, нецэнзурныя словы. Зеляноў не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. Караткевіч.

брыдкасло́ўе, ‑я, н.

Брыдкія, непрыстойныя словы, выразы; лаянка. Гультайства, брыдкаслоўе, п’янства — усё гэта трапляла ў поле зроку сатырыка. Бугаёў.