Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бе́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад бяліць.

2. у знач. прым. Памазаны мелам; пабелены. Беленыя сцены. Беленая хата.

3. у знач. прым. Выбелены. Беленае палатно. □ Мне валошкай вышыла матуля З беленага кужалю кашулю. Вітка.

4. у знач. прым. Запраўлены малаком; забелены. Сёння, як заўсёды ў святую нядзельку, пад’еўшы добра бліноў з верашчакаю і вычысціўшы міску беленай заціркі, Гарбуз выйшаў у садок. Чарот.

белетрызава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад белетрызаваць.

2. у знач. прым. Пададзены ў выглядзе мастацкага твора. Белетрызаваная біяграфія.

белетрызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.

Падаць (падаваць) у выглядзе мастацкага твора. Белетрызаваць дакументальны матэрыял.

белетрыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. белетрызаваць.

белетры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Аўтар апавядальных мастацкіх твораў. У беларускай савецкай прозе ў пачатку трыццатых гадоў.. з’яўляюцца першыя творы маладога пісьменніка-белетрыста Э. Самуйлёнка. Карпаў.

белетры́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Мастацкая празаічная літаратура. Усе тры раздзелы кнігі.. чытаюцца з цікавасцю, як добрая белетрыстыка. Рагойша. // Творы для лёгкага чытання.

[Ад фр. belles-lettres — прыгожая славеснасць.]

белетрысты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да белетрыстыкі. Белетрыстычная літаратура. Белетрыстычны аддзел часопіса.

бе́лі, ‑яў; адз. няма.

Выдзяленні з жаночых палавых органаў (пры захворванні).

белізна́, ‑ы, ж.

Яркі, чысты белы колер чаго‑н. Вочы мімаволі заплюшчваліся ад яркай белізны снегу. Бяганская. Беларусу і ў Парыжы сняцца Белізна бяроз і сосен медзь. Панчанка.

белкаві́на, ‑ы, ж.

Бялковае рэчыва; бялок.