распіло́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распілаваць.
распіло́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распілоўваць — распілаваць.
распіло́ўшчык, ‑а, м.
Рабочы, які распілоўвае што‑н.
распіна́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распінаць — распяць.
распіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распяцца.
2. перан. Разм. Прыкладаць шмат сіл, намаганняў, многа і горача гаварыць, адстойваючы, даказваючы што‑н., пераконваючы каго‑н. у чым‑н. Агідна было слухаць Васілю, як здраднікі распіналіся перад акупантамі, хвалілі «новы парадак» і кляліся ў адданасці Гітлеру, «вялікай Германіі». Няхай. [Алеся] не належала да тых крыкух, што распінаюцца ў сварцы цераз плот да суседкі або выбягаюць на вуліцу і ўзнімаюць рукі да неба ў праклёнах. Пестрак. А .. [Кастусь] так і распінаўся, каб паказаць усё, на што ён здатны. Шынклер.
3. Зал. да распінаць.
распіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распяць.
распіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Націскаючы знутры, прымушаць расшырацца, раздавацца. Відно было, што гэта маладая маці: кофтачку на кнопках распіралі поўныя грудзі, з белага твару не сышлі яшчэ плямы. Шамякін. Маўчыць .. [Марцін], бо не ведае, аб чым гаварыць. Павядзе далонямі па тоўстых мясістых нагах, якія распіраюць штаны і халявы. Вытра клятчастай хусткай лоб. Карпюк. / у безас. ужыв. Паўз самае жыта — хацінаўскія фермы. Змучаная жывёла скіроўвае туды. Ёй распірае вымя. Паўлаў. // безас. Разм. Аб празмерным атлусценні, сытасці. Яго аж распірае на добрых харчах.
2. перан. Перапаўняць, напаўняць; захапляць цалкам (пра пачуццё, настрой, думкі і пад.). Дзіўная радасць распірала грудзі Сцяпанава. Ён хапаў паветра ротам. Алешка. — Калі ты лепш умееш пісаць, дык памажы свайму таварышу, а не прысвойвай яго працы, — чуў я словы Метлюга, і мяне аж распірала злосць. Сабаленка. Антон, быццам аглушаны.. [навіной], ішоў за .. [Феняй] услед, а думкі распіралі яго галаву. Ракітны. / у безас. ужыв. Віктар час ад часу пазіраў у той куток, дзе частавалі малога, і яго грудзі распірала ад абурэння. Асіпенка.
распі́саны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распісаць.
2. у знач. прым. Аздоблены малюнкамі, узорамі. Пад распісанай і аздобленай цяжкай люстрай столлю — сіняватае воблачка цыгарнага дыму. Гамолка.
распіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.
1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. [Мэр] распісаўся разборліва, буйна, размашыста, праз усю старонку. Шамякін. // перан.; у чым. Іран. Сваімі паводзінамі, учынкамі пацвердзіць што‑н. у адносінах да сябе. Распісацца ў сваёй бездапаможнасці.
2. Разм. Зарэгістраваць свой шлюб. Калі Ліпа адзелася, Сяргей павёў яе снедаць у афіцэрскую сталовую, а праз дзве гадзіны яны распісаліся. Жыць Сяргей перайшоў да Ліны. Хомчанка.
3. Разм. Пачаўшы пісаць, захапіцца пісаннем. — Ужо? От распісаўся! — глянуўшы на гадзіннік, ускочыў з крэсла Камлюк і ўподбег заспяшаўся ў пакой да радыстаў. М. Ткачоў.
распіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Перапісаць асобна часткі чаго‑н. Распісаць тэкст на картачкі. Распісаць ролі.
2. Размеркаваць каго‑, што‑н. паміж кім‑, чым‑н., зрабіўшы аб гэтым адпаведны запіс. Распісаць рацыён. Распісаць маршрут па ўчастках.
3. Разм. Зарэгістраваць чый‑н. шлюб. Старшыня сельсавета распісаў маладых.
4. Размаляваць фарбамі, узорамі, накрыць роспісам (у 2 знач.). Распісаць столь. Распісаць вазу. / у перан. ужыв. За гулам людзей не чуваць ні свісту ветру на вуліцы, ні таго марозу, які паспеў распісаць на розныя ўзоры шыбы вокнаў. Сергіевіч. Дарожны вецер і гарачае жнівеньскае сонца яшчэ больш распісалі загарам .. [Сцёпкаў] і без таго загарэлы твар. Колас. // перан. Разм. Збіць, пакінуўшы на целе рубцы, сінякі. Мікіта расказваў, як белапалякі распісалі бізунамі яго старую спіну. Каваль.
5. перан. Разм. Расказаць, апісаць што‑н. занадта падрабязна, у дэталях. Рэдактар.. распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Шамякін. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў.