распіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Націскаючы знутры, прымушаць расшырацца, раздавацца. Відно было, што гэта маладая маці: кофтачку на кнопках распіралі поўныя грудзі, з белага твару не сышлі яшчэ плямы. Шамякін. Маўчыць .. [Марцін], бо не ведае, аб чым гаварыць. Павядзе далонямі па тоўстых мясістых нагах, якія распіраюць штаны і халявы. Вытра клятчастай хусткай лоб. Карпюк. / у безас. ужыв. Паўз самае жыта — хацінаўскія фермы. Змучаная жывёла скіроўвае туды. Ёй распірае вымя. Паўлаў. // безас. Разм. Аб празмерным атлусценні, сытасці. Яго аж распірае на добрых харчах.
2. перан. Перапаўняць, напаўняць; захапляць цалкам (пра пачуццё, настрой, думкі і пад.). Дзіўная радасць распірала грудзі Сцяпанава. Ён хапаў паветра ротам. Алешка. — Калі ты лепш умееш пісаць, дык памажы свайму таварышу, а не прысвойвай яго працы, — чуў я словы Метлюга, і мяне аж распірала злосць. Сабаленка. Антон, быццам аглушаны.. [навіной], ішоў за .. [Феняй] услед, а думкі распіралі яго галаву. Ракітны. / у безас. ужыв. Віктар час ад часу пазіраў у той куток, дзе частавалі малога, і яго грудзі распірала ад абурэння. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)