напява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. напяваць.
напява́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да напяваць.
напява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да напець.
2. што і без дап. Ціха, напаўголасу пець. Напяваць мелодыю. Напяваць песню. □ Усю дарогу.. [Якуб] адбівае ваенны шаг, размахвае рукамі і напявае сам сабе. Якімовіч.
напяка́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да напячыся.
2. Зал. да напякаць.
напяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напячы.
напярэ́дадні, прысл. і прыназ.
1. прысл. Непасрэдна перад якім‑н. днём, перад якой‑н. падзеяй. Гарачыня пачала спадаць. Напярэдадні прайшоў дождж, прыбіў пыл, паветра было чыстым і свежым. Шахавец.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «напярэдадні» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з’яву, падзею, у неакрэслены прамежак часу перад якімі што‑н. адбываецца. Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў.. [каня] каля зямлянкі Нагорных. Брыль. Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.
напярэ́ймы, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. З мэтай перахапіць каго‑, што‑н., рухаючыся яму насустрач; наперарэз. Бегчы напярэймы. □ Людзі павыбягалі з хат і зямлянак, бягуць напярэймы, каб спыніць вала. Марціновіч.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «напярэймы» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб перахапіць іх. Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Колас. Удалечыні быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму. Васілёнак.
напярэ́сцігі, прысл. і прыназ.
Абл. Напярэймы. Стары .. выбег, стаў напярэсцігі. — Вы куды гэта? Кулакоўскі. Трое ехалі па раллі, потым пусціліся напярэсцігі каню. Лобан.
напярэ́хваткі, прысл.
Абл. Напярэймы. Мы паехалі з .. [Авечкіным] разам, разам сядзелі ў прэзідыуме, разам абедалі і напярэхваткі адзін аднаго распытвалі пра навіны. Скрыган.
на́пята, прысл.
Абл. Насцеж. У расчыненыя напята дзверы і вокны нардома.. уліваўся вясновы вецер. Зарэцкі. Бывалі дні, што стаялі напята дзверы: не паспее адзін [жабрак] выйсці з хаты.. — парог пераступае другі. Чыгрынаў.