Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брыг, ‑а, м.

Двухмачтавае паруснае судна 18–19 ст., ваеннае або гандлёвае.

[Анг. brig.]

брыга́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Вайсковае злучэнне, якое складаецца з некалькіх палкоў, батальёнаў або батарэй, а ў флоце — з некалькіх аднатыпных ваенных суднаў. Танкавая брыгада. Брыгада тарпедных катэраў. Партызанская брыгада.

2. Група работнікаў, якая выконвае пэўнае вытворчае (або спецыяльнае) заданне на заводзе, у калгасе, ва ўстанове і пад. Паляводчая брыгада. Трактарная брыгада. Будаўнічая брыгада. Брыгада камуністычнай працы. Рэйдавая брыгада. // Разм. Месца, дзе размяшчаецца і працуе гэты калектыў. Праўленне і канцылярыя, і наогул увесь калгасны цэнтр быў у першай брыгадзе. Васілевіч. У чацвёртую брыгаду, у вёску Зарэчча, пабег з праўлення пасланец. Бялевіч.

•••

Комплексная брыгада — вытворчая брыгада, у склад якой ўваходзяць людзі розных спецыяльнасцей.

[Фр. brigade.]

брыгадзі́р, ‑а, м.

1. Ваенны чын у Расіі ў 18 ст., сярэдні паміж палкоўнікам і генералам.

2. Кіраўнік брыгады (у 2 знач.). Брыгадзір механізатараў. Брыгадзір паляводчай брыгады. □ Успомніў.. [Геня] пра бацьку — вясёлага калгаснага брыгадзіра. Якімовіч. Браты жылі вельмі дружна, і мара ў іх была адна: скончыць школу і пайсці ў брыгаду паляўнічых, брыгадзірам якой быў іх бацька — лепшы паляўнічы на ўсю акругу. Бяганская.

[Ням. Brigadier.]

брыгадзі́раў, ‑ава.

Які належыць брыгадзіру. Брыгадзірава хата.

брыгадзі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да брыгадзір (у 2 знач.). Прыйшлі з поля, з гаспадаркі, Клуб запоўніўшы да краю, Брыгадзіры і даяркі, Брыгадзіркі і свінаркі, А гармонік грае, грае. Купала.

брыгадзі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да брыгадзіра. Брыгадзірская пасада.

брыгадзі́рства, ‑а, н.

Работа на пасадзе брыгадзіра (у 2 знач.). Добрым брыгадзірам паляводчай брыгады быў Міканор Селівончык у калгасе імя Дзяржынскага, але пастарэў чалавек, пасівеў, цяжкавата стала яму брыгадзірства. Бялевіч. Брыгадзіра Юзіка.. знялі з брыгадзірства і ледзь не аддалі пад суд. Сачанка.

брыга́днік, ‑а, м.

Разм. Член брыгады (у 2 знач.). Брыгадзір мантажнай брыгады.. ад імя сваіх брыгаднікаў заявіў, што краны зманціраваны будуць, што ў дошку разаб’юцца, а зробяць сваё. Мікуліч.

брыга́дніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да брыгаднік. Сем брыгадніц выйшлі ў карагодзе. Броўка.

брыга́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да брыгады. Брыгадны ўрач. Брыгадны стан. Брыгадны сход. Брыгаднае заданне.