дрэ́ма, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і дрымота. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас.
дрэ́на, ‑ы, ж.
Падземны штучны вадасцёк, труба, латок для асушэння грунту.
[З англ. drain — высушваць, асушаць.]
дрэна́ж, ‑у, м.
1. Асушэнне грунту з дапамогай сістэмы каналаў або труб. Дрэнаж балота. // Сістэма асушальных каналаў або труб.
2. Вывядзенне з раны гною, вадкасці з дапамогай спецыяльнай трубкі. Дрэнаж раны.
3. Гумавая або шкляная трубка з бакавымі адтулінамі, якая ўводзіцца ў поласць цела або рану для вывядзення гною, вадкасці.
[Фр. drainage.]
дрэнажава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дрэнажаваць.
дрэнажава́цца, ‑жуецца; незак.
Зал. да дрэнажаваць.
дрэнажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак. і незак., што.
Зрабіць (рабіць) дрэнаж (у 1 і 2 знач.).
дрэна́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дрэнажу. Дрэнажныя работы. Дрэнажная канава. Дрэнажная трубка.
дрэ́нна,
1. Прысл. да дрэнны.
2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. Адно было дрэнна: ноч была цёмная. Чарнышэвіч. — Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна. Лынькоў.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан. Хвораму зрабілася дрэнна.
4. у знач. наз. дрэ́нна, нескл., н. Адзнака, якой ацэньваюць нізкі, нездавальняючы ўзровень ведаў. Атрымаць дрэнна па матэматыцы.
•••
Дрэнна кончыць гл. кончыць.
дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.
2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.
3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.
•••
Дрэнныя жарты гл. жарт.
Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.
дрэ́нчыць, ‑чыць; незак. (звычайна безас.).
Абл. Не даваць спакою, турбаваць. — Дык чаго цябе дрэнчыць?.. — Яўхім незадаволена паглядзеў на Ганулю і выйшаў у камору. Гурскі. Гэта пачало Зосю нерваваць, дрэнчыць. Гартны.