Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак., што.

1. Разарваўшы ніткі, распусціць, ліквідаваць (шво, узор і пад.). Распароць аздобную строчку. □ [Хлопец] распароў нейкае шво ў пінжачнай падшэўцы. Чорны. // Разарваць, разрэзаць на часткі, распусціўшы швы. Распароць старое паліто. □ Вось доктар тонкім бліскучым ножыкам распароў рукаў кашулі дырэктара, агаліў плячо і ўсю правую руку. Нядзведскі.

2. Разарваць, разрэзаць чым‑н. вострым. Я сядзеў побач з .. [Цімохам], латаў валёнак — распароў удзень у лесе. Савіцкі.

3. Нанесці глыбокую рану чым‑н. вострым. Вепр іклом распароў .. [Яўхіму] лытку да самай косткі. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Васілю Міхальчуку распарола асколкам жывот, і пасля шпіталя яго звольнілі з арміі. Навуменка.

распа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размякчыцца, размякнуць пад дзеяннем пары, вару і пад. Скура распарылася. □ За ноч макуха распарылася, і на раніцу Галя прынесла паўвядзерца пойла. Сабаленка.

2. Моцна прагрэцца, мыючыся ў лазні з парай. [Андрэй] распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, свежаю сілай. Зарэцкі. // Разм. Разагрэцца да поту; разгарачыцца. Сёння пякло і парыла ўвесь дзень. Юрка надта распарыўся на будоўлі, і ён будзе купацца даўжэй, чым у мінулыя вечары. Вышынскі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за санямі, быў распарыўся. Пташнікаў.

распа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць парай, варам для ачысткі, размякчэння і пад. Распарыць зерне. □ [Валодзя] выразаў кавалак дубовай кары і распарыў яго. Федасеенка. З грабу высек палазы Ды загнуў, як рожкі, Ды распарыў ён вязы, Выгабляваў дошкі. Бялевіч.

2. Моцна прагрэць, мыючы ў лазні з парай. Распарыць цела. // Разм. Разагрэць да поту; разгарачыць. Чарка гэта была не першая.. Капейка, відаць, і сам палічыў, што ўжо даволі распарыў мужыка. Брыль.

распасо́ўка 1, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

У спорце — некалькі перадач мяча адзін другому членамі адной каманды.

распасо́ўка 2, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.

У картачнай гульні — становішча, калі ўсе ігракі адмаўляюцца ад ігры і аб’яўляюць пас. [Іван Пятровіч] заказаў тады яшчэ адзін круг распасоўкі, але і тут яму не пашанцавала — нахапаў узятак болей за ўсіх. Васілёнак.

распасце́рці, ‑стру, ‑стрэш, ‑стрэ; ‑стром, ‑страце; пр. распасцёр, ‑сцерла; зак., што.

1. Шырока раскінуць, развесці (рукі, крылы). Калі мы рушылі да дзвярэй, гаспадыня засланіла іх сабой і распасцерла рукі. Няхай. Шпак каменем паляцеў уніз, каля зямлі распасцёр крыл[ы] і сеў на сук. Пальчэўскі.

2. Роўна, свабодна раскласці на дастатковай плошчы. Генерал распасцёр сцяг на стале, пагартаў дакументы, і, змахнуўшы слязу са шчакі, моўчкі, з парывам абняў Зянона Лапіча. М. Ткачоў. [Іллюк] адчыніў ток. Распасцёр рэзгіны ля застаронка. Калюга.

3. перан.; на каго-што. Пашырыць сферу дзеяння чаго‑н., ахапіўшы большае кола прадметаў, з’яў. Распасцерці сваю ўладу.

распасце́рціся, ‑струся, ‑стрэшся, ‑стрэцца; ‑стромся, ‑страцеся; пр. распасцёрся, ‑сцерлася; зак.

1. Легчы або сесці шырока, свабодна, заняўшы многа месца. [Каляда:] — А ну, кума, пасунься. Не захопіш і так усяго, — распасцерлася... Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць сабой шырокі абшар, вялікую прастору. Якая навокал далеч! Яна распасцерлася ва ўсе бакі, куды ні глянеш, без канца і краю... Гамолка. Над зямлёю распасцёрся ясны купал бяздоннага неба. Колас.

3. перан. Пашырыць сферу свайго дзеяння, ахапіўшы большае кола прадметаў, з’яў.

распасцёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распасцерці.

2. у знач. прым. Шырока разведзены ў бакі. Раптам адзін з .. [невядомых] кінуўся да яго з радасна распасцёртымі рукамі: — Васіль Іванавіч! Родненькі! Лынькоў. Нездарма распасцёртыя крыл[ы].. [альбатросаў] маюць два з палавінай метры ўшыркі. Маўр. // З раскінутымі рукамі або нагамі (часцей пра ляжачага). Даша не азвалася. Яна ляжала нерухома, шырока раскінуўшы [апухлыя] ногі. Было балюча глядзець на яе, распасцёртую, бездапаможную. Асіпенка. І канец. І.. [леў] ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты. Караткевіч.

•••

З распасцёртымі абдымкамі гл. абдымкі.

распасціра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распасцерціся.

2. Зал. да распасціраць.

распасціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распасцерці.

распа́сціся, ‑падзецца; пр. распаўся, ‑палася; зак.

1. Разваліцца на часткі, рассыпацца на кускі. Патрэскаліся трубкі і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач. І карчы вырываюць з карэннем лясныя лемяшы, ды так вырываюць, што, здаецца, трактар са скрыпам зараз лопне ад натугі, распадзецца. Пестрак. // Раскласціся на састаўныя часткі. Малекула распалася на атамы.

2. Раздзяліўшыся на часткі, перастаць існаваць. У IV стагоддзі нашай эры Рымская імперыя распалася на дзве часткі — Заходне-Рымскую і Усходне-Рымскую, або Візантыю. Залескі. У пачатку дваццатых гадоў ад няшчаснага выпадку загінуў старэйшы брат. Сям’я ўся распалася. Машара. Аб’яднаны атрад палкоўніка Лянкевіча зноў распаўся. Якімовіч. // перан. Разладзіцца, парушыцца. Сяброўства распалася. Вяселле распалася.