распа́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распаліцца.
2. Зал. да распальваць.
распа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распаліць.
распаля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да распаліцца (у 3 знач.).
распаля́ць, ‑ню, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да распаліць (у 3 знач.).
распане́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які распанеў. Распанелы хлопец.
распане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Разгультаіцца, распусціцца; стаць пераборлівым. [Шаройка:] — Проста распанеў народ: да васьмі спяць, да дзесяці снедаюць. Шамякін. — Распанелі мы, Жэнька, — павярнуўся .. [Эдуард] да мяне. — Сёмгу ў краме шукаем, ласасіну... А селядца з печанай бульбай не хочаш? Рамановіч. — Мышэй дык не хочаш лавіць, лодар такі, а на мяса дык, бач, які ласы.., распанеў. Гаўрылкін.
распара́дак, ‑дку, м.
Устаноўлены парадак якіх-небудзь спраў, заняткаў і пад. дзе‑н. або на працягу якога‑н. перыяду. — Які распарадак дня сёння? — пытаецца Іларыён Кузьміч. Даніленка. Інтэрнат перайшоў на летні лагерны распарадак. Радкевіч. Праўда, былі нарады, педсаветы, але гэта мала чым парушала той распарадак, да якога Ніна прывыкла з першых дзён работы ў школе. Сіўцоў.
распараджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распарадзіцца.
2. Кіраваць, ведаць кім‑, чым‑н. [Навучэнка:] — Калі б я распараджаўся .. [Рабушкам], а то ён сабе гаспадар, што захоча, тое і робіць. Новікаў. Праўда, сам Базыль ужо не мог упраўляцца з лодкаю, ёю распараджаўся старэйшы сын Паўлюк. Колас. // Весці сябе як гаспадар, камандзір; камандаваць. [Аксіння] ніколькі не здзівілася таму, што .. [Шашура] распараджаецца, і паслухмяна пайшла дахаты. Мележ.
распараджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распараджацца — распарадзіцца.
2. Указанне аб выкананні чаго‑н.; загад, пастанова. Раніцою .. [Шуст] сабраў камандзіраў узводаў штабнога атрада і аддаў распараджэнне невялікімі групамі прабірацца ў старобінскія лясы. Шчарбатаў. У чаканні далейшага распараджэння аўтаматчыкі стоўпіліся ля штаба. М. Ткачоў.
•••
У распараджэнне каго-чаго або чыё — пад чыё‑н. начальства, кіраўніцтва. [Дзядзька:] — Накіруем.. [Бразгоўку] у распараджэнне вобласці. Вірня.
У распараджэнні каго-чаго або чыім — а) у чыім‑н. веданні. Машына ўжо, назад не пайшла — асталася ў распараджэнні Чаравакі. Пестрак; б) у каго-небудзь (быць). Калі.. [Соня] пазнілася, куляй улятала ў дом, паведамляла на хаду, што ў распараджэнні нашым усяго пятнаццаць ці дваццаць хвілін, і я, спяшаючыся, даставаў свой лепшы гарнітур. Ракітны.
распарадзі́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Аддаць загад; загадаць. [Мікітка] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка. Колас. — Дык збірайся, і каб да вечара выехаў, — распарадзіўся маўклівы і заўсёды стомлены прараб. Б. Стральцоў.
2. Абысціся з кім‑н. або з чым‑н. тым або іншым чынам. Ні весткі, ні паўвесткі стуль. Адна даверлівасць прадбачання салдата. Ды гнаць адкуль, што лёсам Сашкі-брата Інакш, распарадзілася вайна. Чэрня. // Спатрэбіць, скарыстаць што‑н. Тысяча на сяле немалыя грошы. Калі па-гаспадарску, то можна імі разумна распарадзіцца. Б. Стральцоў.