уско́расці, прысл.
У хуткім часе, неўзабаве, хутка.
уско́сны, ‑ая, ‑ае.
Які не выказваецца, не выяўляецца непасрэдна; пабочны. Ёсць у мяне пад рукамі толькі скупыя ўскосныя звесткі, знойдзеныя даследчыкамі ў розных архівах. Мехаў. Цяпер я добра ведала, што не толькі не маю права нешта сказаць Віктару.., бо сказаць, гэта значыць зрабіць ускосны папрок яму. Савіцкі. Важным сродкам выяўлення ўнутранага свету чалавека з’яўляецца ў К. Чорнага ўскосная партрэтная характарыстыка. «Полымя». [Чаур]: — Твае любімыя дэтэктывы сцвярджалі: калі няма прамых доказаў, шукай ускосныя. Шыцік.
•••
Ускосная мова гл. мова.
Ускосныя падаткі гл. падатак.
Ускосныя склоны гл. склон.
уско́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ускаціць.
уско́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ускочваць — ускаціць.
уско́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да ускаціцца.
2. Зал. да ускочваць.
уско́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ускаціць.
уско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Хутка ўстаць, падняцца з месца. Сёмка паволі ўзняўся з канапы. Следам за ім борздзенька ўскочыў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег. Мележ.
2. Скочыць на каго‑, што‑н. Сувязны ўскочыў на каня і паскакаў. М. Ткачоў. Салдат спрытна ўскочыў на падножку і ў момант апынуўся ў прасторнай кабіне самазвала. Васілевіч. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б прыбіта цвікамі рама. Хомчанка. // у што. Скочыць у сярэдзіну чаго‑н. Ускочыць у лодку. □ Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Колас.
3. перан. Узнікнуць (аб прышчах, нарывах і пад.). Ускочылі мазалі на руках. □ На лбе ўскочыў гуз, але Андрыян не адчуваў болю. Марціновіч.
4. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды‑н. Раптам адчыніліся дзверы і за мной у хату ўскочылі ўзрадаваныя дзеці. Ляўданскі. Група прарыву ўскочыла ў лес і адным ударам выбіла адтуль фашыстаў. Новікаў.
5. у што. Трапіць, папасці выпадкова куды‑н. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі.. ускочылі ў правал. Караткевіч.
ускра́ек, ‑крайку, м.
Крайняя частка якой‑н. прасторы. Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка. Колас. Касцы стаялі на ўскрайку дарогі і з жалем глядзелі на знясіленых людзей. Прокша. // Край стала, ложкі і пад. Алена падышла, села на ўскрайку Галінага ложка, загаварыла зноў. Марціновіч. Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла і села каля процілеглага ўскрайку стала. Мележ.
ускра́іна, ‑ы, ж.
1. Крайняя частка якой‑н. мясцовасці, тэрыторыі. На ўсход, ускраіне лесу працягнуліся чатыры струны чыгуначных рэек. Брыль. // Аддаленая ад цэнтр частка населенага пункта. Сям’я Белавусаў жыла на ўскраіне горада. Гурскі. У генералавым доме жылі ўжо другія людзі. Яны сказалі, што цётка Антося перабралася на ўскраіну горада ў сваю хату. Карпюк. Толькі пад самую раніцу дабраўся .. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Спалі яшчэ нізкія драўляныя хаты ўскраіны. Галавач.
2. Аддаленая, пагранічная тэрыторыя дзяржавы. Некалі адсталая ўскраіна Расійскай імперыі, Беларусь ператваралася пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі ў індустрыяльна-калгасную дзяржаву. Паслядовіч.
ускра́інны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўскраіны, знаходзіцца на ўскраіне. Усюды, куды кінеш вокам, ляжалі руіны, руіны, недзе ля гарызонта акаймаваныя палоскаю ўскраінных домікаў. Карпаў. Матацыкл са стракатаннем прамчаў па магістралі, праляцеў па ціхай ускраіннай вуліцы і неўзабаве спыніўся. Сапрыка.