Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распаласо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распаласаваць.

распала́цца, ‑аецца; зак.

Пачаць ярка палаць. Раптам хмарка ўспыхнула ўдалечы Ад агню, Што распалаўся ў печы. Бічэль-Загнетава.

распа́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для распалкі.

распа́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаліць.

2. у знач. прым. Моцна нагрэты; вельмі гарачы. Распалены прас. □ Сонца як не плавілася. Здавалася, з яго, як з распаленага жалеза, не промні ліліся, а сыпаліся іскры-апаліны, быццам па ім білі молатам. Сабаленка. Ад яе [печкі] распаленых сцен па ўсёй старожцы разліваецца прыемная цеплыня. Ігнаценка.

3. у знач. прым. Моцна ўзбуджаны, расхваляваны; разгарачаны. [Таццяна] стаяла сярод баб распаленая, вясёлая, прыгожая і ўсміхалася Зеленюку. Зарэцкі.

распалі́цца, ‑палюся, ‑палішся, ‑паліцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна нагрэцца ад агню, жару, спёкі. Праз некалькі хвілін чыгунная печ гудзела на ўсю хату, а бляшаная труба распалілася аж дачырвана. Шашкоў. І хоць час быў яшчэ ранні, усё вакол паспела ладна пагрэцца. Асабліва распаліліся рэйкі, — гэта адчувалася нават праз абутак. Васілёнак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гарэць, разгарэцца. Дровы распаліліся.

3. перан. Моцна ўзрушыцца, расхвалявацца; разгневацца. Гендарсан распаліўся да таго, што гатовы быў сам біць мужыкоў. Чарнышэвіч. Лявон яшчэ больш распаліўся і, рвануўшы рукі ўніз і наперад, абшчапіў Ціханава тулава тугім абручом. Б. Стральцоў.

распалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць агнём, падпаліць (дровы і пад.). Каваля ў кузні сапраўды ўжо не было. Рыгор сам распаліў вугаль. Капусцін. // Раскласці, развесці агонь дзе‑н., у чым‑н. Распаліць печ. Распаліць горан. □ Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка. Іван Сяргеевіч прыпомніў, што ў кедрачы, каля сухастояў, ляжала сухое галлё. Пайшоў туды і распаліў агонь. Мяжэвіч.

2. Моцна нагрэць агнём, жарам. — Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Асіпенка.

3. перан. Узмацніць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.; давесці да высокай ступені развіцця. Распаліць цікавасць. Распаліць спрэчкі. □ Відаць .. [немцы] распалілі апетыт іншым, бо неўзабаве прыняліся за яду амаль усе. Шамякін. // Прывесці ў стан узрушэння; запаліць якім‑н. жаданнем. Бацьку гэтыя падказкі [ратнікаў] толькі яшчэ больш, распалілі. Ён хапіўся за Лаўрэнаву стрэльбу, сарваў яе з пляча. Якімовіч.

4. перан. Развязаць, распачаць (барацьбу, вайну). Пра мірныя годы гавару і пра тых, Хто распаліць на прасторах хоча пажары вайны. Смагаровіч.

распа́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. распальваць — распаліць (у 1 знач.).

2. Тое, чым распальваюць дровы, торф, вугаль і пад. [Слабодчыкаў] перакінуў з рукі ў руку сякеру і рашуча ступіў да сухой елкі. — Памагу вам. Добрая распалка будзе. Порах. Хомчанка.

распа́лубіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

Спец. Зрабіць распалубку (у 1 знач.).

распа́лубка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Спец. Разборка апалубкі бетонных і жалезабетонных канструкцыі.

2. У архітэктуры — частка зводу, утвораная перасячэннем дзвюх узаемна перпендыкулярных цыліндрычных паверхняў.

распа́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распальваць — распаліць.