распалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць агнём, падпаліць (дровы і пад.). Каваля ў кузні сапраўды ўжо не было. Рыгор сам распаліў вугаль. Капусцін. // Раскласці, развесці агонь дзе‑н., у чым‑н. Распаліць печ. Распаліць горан. □ Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка. Іван Сяргеевіч прыпомніў, што ў кедрачы, каля сухастояў, ляжала сухое галлё. Пайшоў туды і распаліў агонь. Мяжэвіч.

2. Моцна нагрэць агнём, жарам. — Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Асіпенка.

3. перан. Узмацніць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.; давесці да высокай ступені развіцця. Распаліць цікавасць. Распаліць спрэчкі. □ Відаць .. [немцы] распалілі апетыт іншым, бо неўзабаве прыняліся за яду амаль усе. Шамякін. // Прывесці ў стан узрушэння; запаліць якім‑н. жаданнем. Бацьку гэтыя падказкі [ратнікаў] толькі яшчэ больш, распалілі. Ён хапіўся за Лаўрэнаву стрэльбу, сарваў яе з пляча. Якімовіч.

4. перан. Развязаць, распачаць (барацьбу, вайну). Пра мірныя годы гавару і пра тых, Хто распаліць на прасторах хоча пажары вайны. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)