Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

млын, ‑а, м.

1. Машына для здрабнення розных матэрыялаў, якая выкарыстоўваецца ў горнай, хімічнай і інш. галінах прамысловасці.

2. Прадпрыемства, на якім мелюць збожжа; будынак з устаноўленымі ў ім прыстасаваннямі для размолу збожжа. Паравы млын. Ветраны млын. □ На беразе Марачанкі сярод поплаву відна была будыніна — вадзяны млын. Лобан. Рачулка чыстая з-за млына Цячэ праз травы і камлі. Лось.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

млынавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да млына. Млынавыя жорны. Млынавое кола.

млына́р, ‑а, м.

Уладальнік млына або работнік у млыне; мукамол. Калі .. скончылася веснавая паводка і рэчка ўвайшла ў берагі, млынар ужо на сялянскі завоз пусціў млын. Чорны. Яшчэ калі дзядзька Пракоп быў за старшыню, дык ён паставіў бацьку за млынара ў колішні Лукашоў вятрак. Сабаленка.

млынаро́ў, ‑ова.

Разм. Які належыць млынару.

млынары́ха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.

Жонка млынара.

млы́нішча, ‑а, н.

Месца, дзе быў млын. Млынішча бур’яном зарасло.

млыно́к, ‑нка, м.

1. Памянш.-ласк. да млын.

2. Прыстасаванне, машынка для размолвання якіх‑н. зярнят. Кафейны млынок.

мля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан млявага. Адзінотай і пустэчай Усюды веяла з палёў, Нейкай млявасцю старэчай Аддавала ад лугоў. Колас. Хочацца адсунуцца далей ад агню і не стае сіл, бо па ўсім целе разліваецца млявасць. Асіпенка.

мляве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Рабіцца млявым (у 1 знач.).

мля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.

2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.

3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.