Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напрапуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго. Дазволіць вялікай колькасці прайсці, праехаць, пранікнуць куды‑н. Напрапускаць людзей у залу.

2. чаго. Дапусціць вялікую колькасць якіх‑н. пропускаў. Напрапускаць заняткаў. Напрапускаць памылак.

напрараза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прарэзаць, прапілаваць пэўную колькасць. Напраразаць адтулін.

напраро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

1. Прадказаць. [Савіч:] — «Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калі-небудзь станеш добрым хірургам». Напрарочыў стары. Шамякін. Русыя косы і сінія вочы, што пажадаць вам і што напрарочыць? Дубоўка.

2. Прарочаннем наклікаць. Напрарочыць вымову. □ Ледзь толькі дождж перастаў, Галя сказала, капрызна надзімаючы вусны: — Ты напрарочыў дождж. Дамашэвіч.

напрарэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Тое, што і напраразаць.

напрасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

1. што. Выпрасаваць добра, акуратна. Напрасаваць сукенку.

2. чаго. Выпрасаваць нейкую колькасць чаго‑н. Напрасаваць бялізны.

напрасвідро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прасвідраваць вялікую колькасць чаго‑н. Напрасвідроўваць адтулін.

напрасі́цца, ‑прашуся, ‑просішся, ‑просіцца; зак.

1. Просьбамі ці намёкамі прапанаваць сябе ў якасці чаго‑н., дабіцца дазволу на што‑н. Напрасіцца ў экспедыцыю. Напрасіцца на работу. □ [Вольга Назараўна:] — А хіба я ў вас шыць сама напрасілася? Вы ж на калені станавіцца збіраліся. Корбан. Мятла супакоіў.. [Максіма], сказаў, што ўсё ўладзіцца, і нават сам папрасіўся ў дружкі. Машара. Пацяроб папрасіўся, каб яму дазволі зрабіць невялічкі даклад. Зарэцкі.

2. Сваімі паводзінамі выклікаць якія‑н. адносіны да сябе. Напрасіцца на камплімент.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца. І само сабой напрасілася рашэнне, .. вусны самі сказалі: — Табе тут не месца. Лупсякоў.

напрасі́ць, ‑прашу, ‑просіш, ‑просіць; зак., каго.

Разм. Наклікаць, запрасіць вялікую колькасць каго‑н. Напрасіць гасцей.

напрасо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да напрасоўваць ​2.

напрасо́ўваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прасунуць куды‑н. або праз што‑н. вялікую колькасць чаго‑н.

напрасо́ўваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напрасаваць.