навалака́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
Разм.
1. Незак. да навалачыся.
2. Зал. да навалакаць.
навалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да навалачы, навалачыць.
нава́лам, прысл.
1. Без парадку, кучай. У куце навалам ляжалі вінтоўкі. Новікаў. Узбоч дарогі, што аднекуль з-за пакрыўленых, замшэлых хмызоў падступала да аэрадрома, навалам ляжала вялікае каменне. М. Стральцоў.
2. Разм. Натоўпам, вялікай масай. [На левым флангу] былі лепшыя падыходы для немцаў, дык яны лезлі на партызанскія пазіцыі навалам. Кулакоўскі.
3. Разм. У вялікай колькасці. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка.
на́валач, ‑ы, ж.
Разм.
1. Хмары, туман, смуга. На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца ізноў. Пестрак. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. Быкаў.
2. Груб. Той, хто прыйшоў, з’явіўся аднекуль, не тутэйшы. — Нейкая навалач з усяго свету сядзіць у Наносах, як скула, і адважваецца папракаць яго, Сцяпана Івашкевіча! Чарнышэвіч.
3. зб. Пагард. Зброд, варожыя людзі. Фронт штодзённа патрабаваў як мага больш паравозаў, баявой тэхнікі для барацьбы з фашысцкай навалаччу. Сабаленка.
4. Тое, што і напасць. «І што гэта за навалач такая,.. — не гараць дровы, хоць ты трэсні». Сіпакоў. «Што за навалач?» Боль, уеўшыся ў спіну, дзіўным водгуллем чуўся то ў баку, то ў жываце. Вышынскі.
нава́лачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да навалкі, навальвання. Навалачны спосаб пагрузкі. // Які служыць для навалкі, навальвання. Навалачныя механізмы.
навалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. навалок, ‑лакла, ‑ло; заг. навалачы; зак., чаго.
1. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў у значнай колькасці. Навалачы кучу галля. Навалачы ўсякага дабра. // каго. Неадабр. Прывесці, навесці ў вялікай колькасці куды‑н. [Маці:] — Навалакла сюды нейкіх поўную хату.. Раз сяброўкі, дык абавязкова прывесці жыць да бацькоў! Карпюк.
2. пераважна безас. Зацягнуць, закрыць. На неба хмар навалакло.
навалачы́ся, ‑лачэцца; пр. навалокся, ‑лаклася, ‑лося; зак.
Разм.
1. Пагард. Прыйсці куды‑н. у вялікай колькасці. Рыгор з пагардай зірнуў на брата, нібы ён адзін быў вінаваты ў тым, што ў старую бацькаву хату навалакліся гэтыя паліцыянты. Сабаленка. Толькі зазелянеў [вінаград], як чорныя дні насталі: нямецка-фашысцкая нечысць навалаклася. Кавалёў.
2. Насунуўшыся, закрыць, засланіць сабою. Разам з ноччу навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што.. [брызентавая накідка] не ратавала. Сабаленка.
навалачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; зак.
Разм. Нахадзіцца, нацягацца, набадзяцца. Ходзіць аграном каля тых залітых вадою лагчын, ледзь ногі выцягвае з глейкай зямлі, стаміўся за дзень, навалачыўся. Бялевіч. [Амеля Жартун:] — Я, дзякуй богу, навалачыўся па свеце. Лобан.
навалачы́ць, ‑лачу, ‑лочыш, ‑лочыць; зак., каго і чаго.
Разм. Тое, што і навалачы (у 1 знач.).