Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ускалупну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Калупнуўшы, прыўзняць, аддзерці, аддзяліць.

ускалыха́цца, ‑лышацца; зак.

Пачаць калыхацца, закалыхацца. Жоўтым ускалышуцца морам Нашых жытоў каласы. Танк.

ускалыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак.

1. што. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. І нідзе я не змог бы Пражыць ні хвіліны адной.. Без вятроў, што мой Сож І што Волгу маю ўскалыхалі. Кірэенка. / у вобразным ужыв. І працаю вясёлай Напоўніцца прастор, І песняю дзяўчаты Ускалышуць звонкі бор. Русак.

2. перан.; каго. Разм. Узгадаваць, выхаваць, выпесціць. Знаю — шмат ты [Нарач] каго ўскалыхала, Умывала празрыстай вадой І нярэдка бурлівай бывала, Уздымаючы хвалі гарой. Прыходзька. Мяне з маленства ўскалыхала бура. Маё дзяцінства — на шляхах вайны. Ставер.

ускалы́хвацца, ‑аецца.

Незак. да ускалыхацца, ускалыхнуцца.

ускалы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускалыхаць (у 1 знач.), ускалыхнуць.

ускалыхну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ускалыхнуць.

ускалыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Пачаць калыхацца. Ускалыхнуўся стромкі лес, Запелі нетры, Вяршаліны старых дубоў Аж загулі. Глебка. // перан. Ажывіцца, пачаць дзейнічаць. Зала ўскалыхнулася і зашумела... Пестрак. Пачуўшы волю, народ ускалыхнуўся, пацягнуўся насустрач сваім вызваліцелям. Дуброўскі.

2. перан. Пачаць хвалявацца, трывожыцца. Хіба не ўскалыхнецца, поўнячыся ціхім, прыемным смуткам, душа, не затрапеча сэрца, не павее халадком у грудзях пры адным успаміне, што хутка расстанне. Навуменка.

ускалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч. Раптам паветра ўскалыхнуў выбух. Сіняўскі. // перан. Ажывіць, абудзіць. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Колас. [Салдат] паддаў ходу і праз паўгадзіны ўвайшоў у гарадок. Тут ён спаткаў ажыўленне: рэвалюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое месца. Чорны.

2. перан. Усхваляваць, устрывожыць. Але ў тым і справа, што Веньямін хоча сустрэць асаблівую дзяўчыну — прыгожую, разумную, якая б ускалыхнула ўсю яго душу. Навуменка. Разумнае, светлае, вечнае сеяць Лектар вядомы прыехаў да нас; Сяло ўскалыхнула такая падзея: Загадзя ў клубе сабраўся калгас. Непачаловіч. Тры дні назад увесь свет ускалыхнула цудоўная навіна: Савецкі касмічны карабель вярнуўся на Зямлю! «Звязда».

ускапа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускапаць.

2. у знач. прым. Узрыхлены, размякчаны (пра глебу). Ускапаныя грады. □ [Кінамеханік] дабраўся да ўскапанага жоўтага пяску, зазірнуў пад вывернуты корч, тупнуў туды ботам. Паўлаў.

ускапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Капаючы, узрыхліць верхні пласт зямлі. Ускапаць агарод. □ Хлопчык выбраў адну такую палянку, старанна ўскапаў зямлю і папрасі маці дапамагчы пасеяць насенне. Мяжэвіч. // Узрыць. За рэчкай — лужок, увесь у [калдобінах], так яго ўскапалі лычамі свінні з саўгаснай фермы, дзе Даша працуе свінаркай. Хомчанка.