Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дро́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Стукаць, калаціць. Дрогаць у дзверы. // безас. Трэсці. [Дзмітрый] туга прытарочыў парашутыста да броні. Каб не дрогала ў галаву, падклаў пад ніз яго ж мундзір. Беразняк.

дро́гкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дрогкага.

дро́гкі, ‑ая, ‑ае.

Які трасе або трасецца. Расцёрты ў пальцах лісток пах, як вясковая ралля. Гэта нагадала Свідзерскаму той далёкі час, калі ён з бацькам ездзіў на дрогкай брычцы ў поле. Хомчанка. Усёю пяцярнёю экскаватар у дрогкі кузаў сыпле жаўтазём. Барадулін. // Які выклікае трасенне; няроўны, нягладкі. Цераз колькі хат быў канец даўгой шапятоўскай вуліцы, дзе выходзіла яна дрогкай грэбляй цераз выган у шырокі палявы прастор. Галавач. [У]ецца лясная дарожка, ляскаюць калёсы.. па дрогкай лясной зямлі. Марціновіч.

дро́жджавы,

гл. дражджавы.

дро́жджы, дражджэй; адз. няма.

Род аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, якія выклікаюць браджэнне, а таксама рэчыва з такіх грыбоў, якое прымяняецца ў хлебапячэнні, прыгатаванні піва і пад. Піўныя дрожджы. Цеста на дражджах.

•••

Кармавыя дрожджы — каштоўны бялковы корм для сельскагаспадарчай жывёлы, які атрымліваецца вырошчваннем дражджэй на адходах харчовай прамысловасці і іншых прадуктах.

Як на дражджах — вельмі хутка (расці, паднімацца і пад.).

дро́жкі, ‑жак; адз. няма.

Лёгкі адкрыты экіпаж. Сам наш старшыня, не давяраючы нікому, намазаў восі і колы ў дрожках, запрог каня і пакаціў па горадзе. Дубоўка.

дрозд, дразда, М драздзе, м.

Лясная птушка атрада вераб’іных.

•••

Даць дразда гл. даць.

дро́сель, ‑я, м.

1. Прыстасаванне ў выглядзе клапана, засланкі для рэгулявання ціску і расходу вадкасці, пары або газу.

2. Шпуля з меднага дроту, якая мае вялікае індуктыўнае супраціўленне і служыць для рэгулявання сілы току ў электрычным ланцугу.

[Ням. Drossel.]

дро́сельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дроселя. Дросельны клапан.

дрот, ‑у, М дроце; мн. драты; м.

Металічны выраб у выглядзе гібкай ніці або тонкага прута. Медны дрот. Калючы дрот. □ Дрот на слупах гуў і звінеў. Чорны. Федзя яшчэ здалёк убачыў, што клямка дзвярэй прыкручана да прабою дротам. Ваданосаў. // Разм. Драцяная загарода. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Брыль.

[Польск. drut з ням.]