Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гуцу́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гуцулаў, належыць ім. Гуцульскае паселішча. Гуцульская народная творчасць. Гуцульскі звычай.

гуча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае гук, валодае здольнасцю гучаць. Гучальны буй.

гуча́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. гучаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэта гучанне падхоплівае зарэчны чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху. Колас.

2. перан. Кніжн. Значэнне, характар. Я. Купала і Я. Колас яшчэ больш узмацнілі грамадскае гучанне нашай сатыры, падалі ёй выразную рэвалюцыйную накіраванасць. Казека.

гуча́ць і гучэ́ць, ‑чыць; незак.

1. Утвараць гукі. Стрэлы гучалі адзін за адным. Дамашэвіч. // чым. Поўніцца гулам, быць напоўненым якімі‑н. гукамі. Лес гучыць птушынымі песнямі.

2. Раздавацца, быць чутным. Гучала мелодыя вясёлай песні, мякка звінелі дзявочыя галасы. Дуброўскі. Усё ўжо скончылася, людзі разыходзіліся па хатах, а ў вуш[ах] Аксінні гучэлі і гучэлі іх галасы. Кулакоўскі.

3. перан. Мець тое ці іншае значэнне, рабіць уражанне. Словы Любы гучалі пераканаўча. Васілевіч. Словы дзядзькі Харытона гучалі як прароцтва. Бажко.

гучнагавары́цель, ‑я, м.

Прыстасаванне для ўзнаўлення гукаў і ўзмацнення гучнасці радыёперадач; рэпрадуктар.

гу́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гучнага; добрае гучанне, звонкасць. Гучнасць голасу. Рэгуляваць гучнасць прыёмніка.

гучне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. гучны.

гучне́ць, ‑ее; незак.

Рабіцца больш гучным. Дзіцячыя галасы гучнелі і мацней даносіліся да кватэры настаўніка. Колас.

гу́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Звонкі, выразны, далёка чутны. Гучным голасам прывітаў Шырокі маладых настаўнікаў. Колас. За дзвярамі пачуўся гучны тупат. Гартны.

2. Здольны ствараць чысты, звонкі гук. Гучная скрыпка. □ Дзесь збоку, яшчэ далей, Грае гучная труба. Колас.

3. перан. Які карыстаецца вялікай папулярнасцю; шырокавядомы. Гучная слава. □ Другі баран — ні «бэ», ні «мя», А любіць гучнае імя. Крапіва.

4. перан. Напышлівы, многаабяцаючы. Гучныя фразы. Гучная рэклама.

гучо́к, ‑чка, м.

Абл. Маладая галінка; атожылак, парастак. — Сена дастанем, насячом гучкоў, вецця, галін — не падохне жывёла. Колас.