Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выда́ткі, ‑аў; адз. выдатак, ‑тку, м.

Затраты на што‑н., расходы; расходная сума. Выдаткі вытворчасці. Непрадбачаныя грашовыя выдаткі. Прыбыткі і выдаткі бюджэту. □ З цягам часу раслі дзеці, а з імі раслі і выдаткі. Хведаровіч.

•••

Накладныя выдаткі — дадатковыя выдаткі на гаспадарча-арганізацыйныя патрэбы вытворчасці і на размеркаванне тавараў.

выдатко́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выдаткоўваць — выдаткаваць.

выдатко́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да выдаткавацца.

2. Зал. да выдаткоўваць.

выдатко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выдаткаваць.

выда́тна,

1. прысл. Вельмі добра; цудоўна. Выдатна здаць экзамен. Выдатна валодаць замежнай мовай.

2. у знач. наз. выда́тна, нескл., н. Адзнака, якая абазначае вышэйшую ацэнку чаго‑н. (ведаў, паводзін і інш.). [Пятрусь:] — Цяпер можна мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

выда́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць выдатнага; незвычайнасць.

2. Што‑н. славутае. Архітэктурныя выдатнасці Полацка. Прыродныя і этнаграфічныя выдатнасці.

3. Выдатны ў нейкай справе спецыяліст. Сусветныя выдатнасці навукі.

выда́тнік, ‑а, м.

1. Навучэнец, які мае выдатныя адзнакі па ўсіх прадметах вучэбнага плана.

2. Той, хто выконвае сваю работу, абавязкі на выдатна. Выдатны баявой і палітычнай падрыхтоўкі.

выда́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да выдатнік.

выда́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца сярод іншых, славуты; шырока вядомы. Выдатны дзеяч навукі. □ На сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячаў. Колас.

2. Незвычайны, выключны. Выдатны розум. Выдатныя здольнасці. □ Рысы.. твару [Аксёна Каля] строгія, нават халодныя. Вочы ўдумлівыя, і ўся сухарлявая і моцная постаць выкрывае ў ім чалавека выдатнага. Колас. // Знамянальны. Выдатныя старонкі летапісу партызанскай барацьбы.

3. Вельмі добры. Выдатная ацэнка. Выдатны матэрыял. Выдатная вучоба. □ [Валодзя:] — Мая брыгада будзе і далей даваць толькі выдатную прадукцыю. Крапіва. Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

вы́дахнуць, ‑не; пр. выдах, ‑ла; зак.

Разм. Здохнуць, падохнуць; перавесціся (аб жывёле). — От, каб цябе ваўкі зарэзалі, каб ты была выдахла, падла натурыстая! — зганяў чалавек у лаянцы злосць. Кулакоўскі.