іко́на, ‑ы. ж.
Малюнак бога або святога як прадмет рэлігійнага пакланення; абраз 1. На покуці вялікая ікона нейкага святога, за сталом на канапе зложаны адзін на адзін старыя альбомы... Чорны.
[Грэч. eikōn — малюнак, абраз, падабенства.]
іко́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да іконы. Іконны жывапіс.
ікра́, ‑ы, ж.
1. Змацаваная сліззю маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і іншымі воднымі жывёламі. Ікра жабы. □ Акунь адкладвае ікру ў адзін прыём, таму і нераст у яго цягнецца не больш 3–5 дзён. Матрунёнак. // Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы. Бутэрброд з ікрой.
2. (пераважна з азначэннем). Яда з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш. Кабачковая ікра. Баклажанавая ікра.
•••
Зярністая ікра — сорт чорнай ікры, прасоленай у непрацёртым выглядзе (у паюсах).
Паюсная ікра — сорт чорнай прасаванай салёнай ікры.
Чорная ікра — ікра асятровых рыб (бялугі, сяўругі, асятра і інш.).
Чырвоная ікра — ікра ласасёвых рыб (кеты, гарбушы і інш.).
ікра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Рыбіна, якая мае ў сабе ікру.
ікраны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае ў сабе ікру. Ікраная рыба.
2. Які мае адносіны да ікры. Ікраная бочка.
ікры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Асобнае зернетка ікры. Асаблівых змен у нашым акварыуме не наглядалася: хіба толькі што ікрынкі крыху пабольшалі і набухлі. Якімовіч.
ікры́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сабе многа ікры. Ікрыстая кета.
ікс, ‑а, м.
1. Назва трэцяй ад канца літары (x) лацінскага алфавіта.
2. Невядомая велічыня, якая абазначаецца гэтай літарай (побач з літарамі y, z). // Умоўнае абазначэнне невядомай або знарок не названай асобы.
іл, ілу, м.
Адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў. Азёрна-рачны іл. □ У змроку, у іле ляжаць карасі, У зеллі багністым жыруюць язі. Глебка.
ілга́нне і лга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ілгаць.