Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

урэтраско́п, ‑а, м.

Спец. Аптычная прылада для агляду ўнутраных сценак урэтры.

[Грэч. urēthra — урэтра і skopeō — гляджу.]

урэтры́т, ‑у, М ‑рыце, м.

Спец. Запаленне слізістай абалонкі урэтры.

урэ́чнік, ‑у, м.

Тое, што і (і)рдзест.

урэ́шце, прысл.

1. Пасля ўсяго, напаследак; нарэшце. Хлопчыкі гаварылі яшчэ доўга, дамаўляючыся, як і што яны будуць рабіць у горадзе, якім чынам будуць шукаць прафесара і як потым яго павязуць. Урэшце яны вырашылі чакаць раніцы, каб на світанні зноў рушыць у дарогу. Сіняўскі. Тым часам гульня працягвалася, і мы з Вандай урэшце адолелі сваіх праціўнікаў. Марціновіч. Апынуўшыся тут,.. [Міколка] не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаузная справа. Лынькоў.

2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі... Багдановіч.

3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы,.. [дзяўчына], урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы. Шамякін.

4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. [Карзюк:] — Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю [Марысяй] пагаварыць?! Баранавых. [Лёдзя:] — А ўрэшце, з кім хачу, з тым і гуляю. Карпаў.

ус..., прыстаўка (гл. уз...).

Ужываецца замест «уз...» перад глухімі зычнымі, напрыклад: успіхнуць, ускінуць, ускапаць, уссесці.

уса́дачнасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць матэрыялу памяншацца ў аб’ёме пры ўсыханні, застыванні і пад. Усадачнасць бетону.

уса́дачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да ўсадкі. Усадачныя ракавіны ў метале. // Зроблены з разлікам на ўсадку.

уса́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усадзіць.

уса́джванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. усаджваць — усадзіць (у 1, 3, 4 і 6 знач.).

2. Тое, што і усадка (у 2 знач.).

уса́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да усесціся.

2. Зал. да усаджваць.