урэ́шце, прысл.

1. Пасля ўсяго, напаследак; нарэшце. Хлопчыкі гаварылі яшчэ доўга, дамаўляючыся, як і што яны будуць рабіць у горадзе, якім чынам будуць шукаць прафесара і як потым яго павязуць. Урэшце яны вырашылі чакаць раніцы, каб на світанні зноў рушыць у дарогу. Сіняўскі. Тым часам гульня працягвалася, і мы з Вандай урэшце адолелі сваіх праціўнікаў. Марціновіч. Апынуўшыся тут,.. [Міколка] не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаузная справа. Лынькоў.

2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі... Багдановіч.

3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы,.. [дзяўчына], урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы. Шамякін.

4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. [Карзюк:] — Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю [Марысяй] пагаварыць?! Баранавых. [Лёдзя:] — А ўрэшце, з кім хачу, з тым і гуляю. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)