дра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. зб. Тонкія дошчачкі для крыцця даху або для абівання сцен пад тынкоўку. Хаты крыты саломаю або дранкай сасновай, і на дахах старых ад поўначы парос густы буры мох. Галавач.
2. Кожная з такіх дошчачак. Тынк у розных мясцінах быў абабіты. З-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Колас.
дранку́ля, ‑і, ж.
Круглая свінцовая паляўнічая куля. У стрэльбы свае забіваюць Дранкулі, каб звера глушыць. Куляшоў.
драннава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Не зусім дрэнны. Драннаватае надвор’е.
дранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Дзеравянець, нямець, страчваць адчувальнасць. Ад холаду дранцвелі рукі і ногі, але ..[Эдазі] плыў і плыў уперад. Каваль. Шкада было матораў гэтых машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі.
дра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад драць.
2. у знач. прым. Разадраны на кавалкі. [Шпалеры] звісаюць дзе-нідзе дранымі шматкамі. М. Стральцоў.
3. у знач. прым. Зношаны да дзірак, падраны. Дранае адзенне. □ Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Быкаў.
4. у знач. прым. Здробнены на тарцы. Курловіч еў .. [бліны] з лоем і хваліў за смак, прызнаваўся, што надта любіць увосень бліны з дранай неляжалай бульбы і пшанічнай мукі. Дуброўскі. / Пра стравы. Драныя аладкі.
драп, ‑у, м.
Тоўстая шарсцяная або паўшарсцяная тканіна, з якой шыюць верхняе адзенне.
[Фр. drap — сукно.]
дра́павы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з драпу. Драпавае паліто.
драпа́к 1, ‑а, м.
Уст. Спружыноўка.
драпа́к 2, ‑а, м.
У выразе: даць (задаць) драпака гл. даць.
дра́панне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. драпаць 1 і драпацца (у 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Драпанне кіпцюрамі па дзвярах. Чуваць драпанне мышэй.
драпану́ць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм. Аднакр. да драпаць 1.
драпану́ць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Паспешліва ўцячы; даць драпака. Не толькі Данік, а і ўсе дзеці нібы чакалі толькі сігналу, каб драпануць адгэтуль на двор. Брыль. Як убачыў .. [Трахіма] Сенька, адразу драпануў у лазняк і знік. Краўчанка.