Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гура́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гураля, гураляў, належыць ім. Гуральскае паселішча. Гуральскія песні.

гу́рба, ‑ы, ж.

Куча снегу, намеценая ветрам. Напярэдадні ўсю ноч круціла завіруха, і па дарозе, яшчэ не ўезджанай, ляжалі гурбы снегу. Сіўцоў. Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты, згубіўшы свой фасон і від. Колас.

гурба́, ы́, ж.

1. Група, гурт. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей: шэсць хлапчукоў і дзве дзяўчынкі. Шамякін. Не паспелі жанчыны заняць дзялянкі, як з-за гары паказалася вясёлая, гаманлівая гурба дзяўчат. Кулакоўскі.

2. у знач. прысл. гурбо́й. Групай, гуртам, усе адразу. На катку кружыліся, праносіліся віхорам канькабежцы; то па адным, то парамі, то, узяўшыся за рукі, цэлай гурбою. Шыцік.

гу́рбіна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і гу́рба. Успаўзаючы то на адну, то на другую гурбіну і ныраючы ў іх, сані выйшлі на роўную і болей уезджаную дарогу. Колас.

гу́рбісты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты гурбамі; сумёцісты.

гурма́, ы́, ж.

Разм. Тое, што і гурба́. Адчыніліся дзверы і ў клуб увалілася цэлая гурма кабет і мужчын. Сачанка. Голыя дзеці за вёскай у рэчцы — скачуць, смяюцца нястомнай гурмой. Машара.

гурма́н, ‑а, м.

Любіцель і знаток далікатных страў. За сталом Элінора пераканалася, што муж яе сапраўдны гурман. Лынькоў.

[Фр. gourmand.]

гурма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да гурман.

гурма́нскі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы гурману; такі, як у гурмана. Гурманскі густ.

гурма́нства, ‑а, н.

Схільнасць да далікатных страў.

гурт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Натоўп, група людзей. [Сцяпан] убачыў на дарозе вялікі гурт дзяўчат-жней, якія вярталіся з поля. Шамякін. Гурт дзяцей вясёлых На урок спяшаецца, Леніну ля школы Кажа: — Добрай раніцы! Карызна.

2. Статак буйной рагатай жывёлы, авечак, чарада птушак і пад. У стэпе шэрым, дзе прайшлі дажджы, Гурты авечак шэрых, як аблокі. Калачынскі. Дзяўчына белакурая Гусіны гурт пасе. Хведаровіч. // Група якіх‑н. аднародных прадметаў. Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і калі хавалася сонца, было холадна, праймаў вецер да касцей. Гурскі. Гурт грыбоў Перапялёсых Сеў ля пнёў, Імхом аброслых. Калачынскі.

3. у знач. прысл. гу́ртам. Сумесна, групай; усе разам. Хлапчукі гуртам узяліся цягнуць лодку да берага. Дуброўскі.

[Польск. hurt.]