Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раско́сасць, ‑і, ж.

1. Касы разрэз вачэй.

2. Касавокасць, пры якой зрэнкі скіраваны ў бок ад носа.

раско́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае касы разрэз (пра вочы). Твар у жанчыны быў круглы, але невялікі; вочы па-татарску раскосыя, пад вачамі шырокія скулы. Чыгрынаў.

2. З раскосасцю (у 2 знач.). Раскосы чалавек.

раско́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскоўваць — раскаваць.

раско́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскавацца.

2. Зал. да раскоўваць.

раско́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскаваць.

раско́ўзаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раскоўзаць.

2. у знач. прым. Слізкі, коўзкі. Пятро доўга ішоў раскоўзанай вуліцай паўз абшытыя шалёўкай прысадзістыя дамы. М. Стральцоў. Дзверы ў зямлянку былі нізкія. Спуск круты і раскоўзаны. Мыслівец.

3. у знач. прым. Раскіданы, растрэсены коўзаннем. Людзі з .. [фурманак] ціха паглядалі .. на раскоўзаную салому пад сабою. Чорны. Кандрат вельмі ж падазрона зірнуў на раскоўзаны ложак. Лобан.

раско́ўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца слізкім, коўзкім ад язды, катання. Дарога раскоўзалася.

2. Захапіцца катаннем, коўзаннем. Хлопцы раскоўзаліся на каньках.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размазацца, расцерціся, раскідацца ад коўзання. Гразь раскоўзалася. Салома раскоўзалася.

раско́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Яздой або катаннем зрабіць слізкім, коўзкім. Раскоўзаць заснежаную сцежку.

2. Размяць, расцерці, раскідаць, размазаць (нагамі, целам). Пасля таго, як сук абламаўся, чалавек, відаць, сеў на зямлю і сядзеў там, бо было відно, як ён раскоўзаў абцасамі імшыстую зямлю і пассоўваў хвойныя іголкі. Чорны. — Аднойчы я сам чуў, як брыгадзір Мікалай Таўкач паскардзіўся, што ты раскоўзаў ля гумна свежую сцірту саломы. Жычка.

раско́ўзвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскоўзацца.

2. Зал. да раскоўзваць.

раско́ўзваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскоўзаць.